Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы вязень, які выкрыў катаваньні ў расейскай турме, уцёк у Францыю празь Беларусь


Сяргей Савельеў
Сяргей Савельеў

Былы зьняволены, які апублікаваў відэазапіс катаваньняў і гвалту ў расейскай турме, заявіў у размове з агенцтвам AFP, што ня мог больш трымаць гэтую інфармацыю ў сабе. Цяпер ён у Францыі, дзе просіць прытулку, паведамляе RFI.

Выкрывальнік, ураджэнец Беларусі Сяргей Савельеў, «атрымаў дазвол на ўезд на тэрыторыю Францыі, каб падаць заяву аб прыстанішчы цягам васьмі дзён», паведаміў у панядзелак увечары ягоны адвакат Од Рымайлю. Савельева выпусьцілі з дэпартацыйнага цэнтру ў Парыжы, і цяпер ён можа афіцыйна зьвярнуцца да ўладаў краіны з просьбай аб наданьні прытулку.

Савельеў уцёк і хаваўся пасьля вызваленьня з турмы ў лютым, баючыся выкраданьня ці нават сьмерці.

Ён кантрабандай пераправіў шакуючыя кадры з турмы ў Саратаве, на якіх паказаныя выпадкі злоўжываньня ў некалькіх турмах, у тым ліку відэа, дзе відаць, як вязьні мочацца на іншых зьняволеных, а таксама кадры згвалтаваньня.

Некаторыя з гэтых відэаролікаў — усяго ён пераправіў больш за тысячу — былі апублікаваныя расейскай праваабарончай групай Gulagu.net, у выніку чаго адбылося афіцыйнае расьсьледаваньне і звальненьне некалькіх чыноўнікаў.

Катаваньні і сэксуальны гвалт над зьняволенымі даўно носяць сыстэмны характар у шырокай пэнітэнцыярнай сыстэме Расеі, але відэаролікі кідаюць новае сьвятло на такія злоўжываньні.

Доступ да сэрвераў

У эксклюзіўным інтэрвію з агенцтвам AFP Савельеў сказаў, што яму нічога не застаецца, як выказацца.

«Псыхалягічна вельмі цяжка трымаць гэткія рэчы пры сабе. Што яшчэ можна зрабіць, калі даведаесься пра такое?» — сказаў 31-гадовы мужчына агенцтву AFP у нядзелю ў аэрапорце Шарля дэ Голя.

Асуджаны за незаконнае абарачэньне наркотыкаў, Савельеў адбыў 7,5 года турмы і быў вызвалены датэрмінова «за добрыя паводзіны», збольшага за тое, што дапамагаў як экспэрт у галіне інфармацыйных тэхналёгіяў.

Яго праца ў абслугоўваньні кампутарных сыстэмаў дала яму доступ да ўнутранага сэрвэру турмы і іншых турмаў, дзе ён знайшоў некалькі відэа.

Ён захоўваў іх на флэшках, якія схаваў каля выхаду з турмы і забраў у дзень вызваленьня.

Страх вярнуцца

Кіраўнік Gulagu.net Уладзімір Асечкін кажа, што расейскія сілавыя органы вылічылі Савельева як інфарматара праекту, і 24 верасьня некалькі гадзін яго дапытвалі ў аэрапорце Пулкава з нагоды перасылкі відэа з катаваньнямі. У Санкт-Пецярбургу ў Савельева была перасадка на рэйс у іншы расейскі горад.

Неўзабаве пасьля допыту Савельеў пакінуў тэрыторыю Расеі і накіраваўся ў Беларусь, затым у Турэччыну і Туніс, перш чым прызямліцца ў Парыжы позна ўвечары ў пятніцу, дзе ён папрасіў прытулку.

У яго яшчэ шмат іншых відэа, якія ён сабраў у турме, але ён адмовіўся сказаць, што плянуе зь імі рабіць.

Ён кажа, што цяпер баіцца расправы з боку Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў і ФСБ.

Ягоны адвакат Рымайлю кажа, што ёсьць «сур’ёзныя асьцярогі», што Савельеву можа пагражаць «вымушанае зьнікненьне» або нават расстрэл, калі ён вернецца ў Менск, дзе ўлады маюць цесныя сувязі з Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG