У Беларусі масавы расстрэл інтэлігенцыі адбыўся ў ноч з 29 на 30 кастрычніка. Цяпер гэтая дата стала вядомая як «Ноч расстраляных паэтаў».
Ва Ўкраіне гэтыя падзеі называюць «Расстраляным адраджэньнем» — 27 кастрычніка ва ўрочышчы Сандармох, што на тэрыторыі Карэліі (Расея), пачаліся масавыя расстрэлы ўкраінскіх гісторыкаў, мастакоў і пісьменьнікаў.
З ініцыятывы беларускай праваабарончай арганізацыі Free Belarus Center, створанай ва Ўкраіне для дапамогі беларускім уцекачам, гэтыя дзьве памятныя падзеі вырашылі аб’яднаць у адным вялікім мэдыяпраекце Executed Poetry.
Творы расстраляных беларускіх і ўкраінскіх літаратараў прагучаць у выкананьні іхных сучасных калег, каб актуалізаваць творчасьць рэпрэсаваных паэтаў і ініцыяваць дыялёг памяці беларускага і ўкраінскага народаў.
Зь беларускага боку ў праекце ўзялі ўдзел:
- музыкі гурту «Разьбітае сэрца пацана» Дзяніс Тарасенка і Павал Гардніцкі,
- сьпявачка і актрыса Анастасія Шпакоўская,
- паэт Алесь Плотка,
- вядоўца і актор Дзяніс Дудзінскі.
А з украінскага —
- прадстаўніцы гурту Dakh Daughters,
- заснавальніца «Дикого театра», тэлевядоўца Яраслава Краўчанка,
- франтмэн гурту «Хамерман знищує віруси» Альберт Цукрэнка.
Прадстаўнікі беларускай і ўкраінскай культуры прачытаюць вершы ўкраінскіх паэтаў Міхайля Семянка, Веранікі Чарняхоўскай, Алексы Ўлызька, а таксама беларускіх — Уладзімера Дубоўкі, Алеся Дудара, Юлія Таўбіна, Міхася Чарота і Валерыя Маракова.
Апэратарам і рэжысэрам праекту стала ўкраінка Аляксандра Луніна. Цалкам праект апублікуюць у другой палове 29 кастрычніка.
Сёньня ж увечары ў Кіеве адбудзецца адмысловая імпрэза, прысьвечаная ўшанаваньню памяці расстраляных беларускіх паэтаў.