Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя «Ноч расстраляных паэтаў» пройдзе ў дзясятках гарадоў сьвету


«Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах, 29 кастрычніка 2020
«Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах, 29 кастрычніка 2020

Сёлетнія чытаньні вершаў памяці рэпрэсаваных беларускіх літаратараў адбудуцца 29 кастрычніка адразу ў шэрагу краінаў сьвету.

Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году — трагічная дата беларускай гісторыі ХХ стагодзьдзя, якая набыла сваю мэтафарычную назву «Ноч расстраляных паэтаў» у найноўшыя часы.

У папярэднія гады творчая акцыя ладзілася ў Курапатах, дзе пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскага рэжыму, але сёлета арганізатары адмовіліся ад звыклага фармату з прычыны пагрозы затрыманьняў і складанай сытуацыі з каранавірусам.

Затое ўпершыню да жалобнай імпрэзы далучацца беларусы і неабыякавыя людзі ў розных краінах Эўропы і Амэрыкі: Бразыліі, Бэльгіі, Грузіі, ЗША, Італіі, Канады, Літвы, Нарвэгіі, Нямеччыны, Партугаліі, Польшчы, Украіне, Эстоніі ды іншых. Агулам акцыі заяўленыя на гэты момант амаль у 30 гарадах сьвету. Цалкам мапу адрасоў акцыі можна паглядзець ТУТ.

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам карнікі НКВД расстралялі 108 беларускіх дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі.

Самаму старэйшаму, публіцысту Янку Нёманскаму, споўнілася на той момант 47 гадоў. Сярод самых маладых — паэт і перакладчык Юлій Таўбін (26 гадоў), літаратурны крытык Пётра Хатулёў (25 гадоў), школьны настаўнік Іван Жылуцкі (25 гадоў).

Тая расправа стала кульмінацыяй вынішчэньня беларускай інтэлігенцыі і закранула больш за 500 выдатных дзеячаў нацыянальнай культуры. Сотні чалавек выслалі за межы Беларусі, іншых расстралялі ці адправілі ў ГУЛАГ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG