У рэйтынгу краін па колькасьці пазбаўленых волі людзей на 100 тысяч жыхароў Беларусь заняла 20-е месца ў сьвеце. Рэйтынг складзены з 223 краін і тэрыторый, піша thinktanks.by.
Рэйтынг склалі экспэрты The World Prison Brief (WPB) і Інстытуту дасьледаваньняў палітыкі ў галіне злачыннасьці і правасудзьдзя.
У рэйтынгу адноснай колькасьці зьняволеных на 100 тысяч жыхароў, па зьвестках дасьледчыкаў, у Беларусі на 100 тысяч насельніцтва прыпадае 345 зьняволеных.
Суседнія Расея і Ўкраіна ідуць у рэйтынгу ніжэй — Расея на 24-й пазыцыі з 326 «сядзельцамі», а Ўкраіна на 108-м радку — 140 чалавек.
Лідэрамі «турэмнага» рэйтынгу ў адноснай колькасьці зьняволеных зьяўляюцца ЗША, Туркмэністан і Сальвадор, дзе сядзяць у турмах 629, 576 і 564 чалавекі на 100 тысяч насельніцтва адпаведна.
У рэйтынгу краін па абсалютнай колькасьці грамадзян, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, Беларусь з паказчыкам 32 556 зьняволеных заняла 50-е месца ў сьвеце, разьмясьціўшыся ў сьпісе паміж Туркмэністанам і Танзаніяй.