Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
У той жа час вайсковыя вярхі краіны пацьвердзілі, што іншыя затрыманыя дзяржаўныя кіраўнікі па-ранейшаму знаходзяцца пад арыштам.
На трэці дзень вайсковага перавароту ў Судане адзін зь яго кіраўнікоў, генэрал Абдэль Фатах аль-Бурхан (па сумяшчальніцтве старшыня пераходнай Сувэрэннай рады) на сваёй другой з пачатку перавароту прэс-канфэрэнцыі заявіў, што арыштаваны прэм’ер-міністар Абдала Хамдук увесь гэты час утрымліваўся ў яго, аль-Бурхана, рэзыдэнцыі.
Цяпер Хамдук вызвалены і разам з жонкай вярнуўся да сябе дадому, паведаміў аль-Бурхан.
Аднак факт вызваленьня Хамдука пакуль што выглядае сумнеўна: як паведаміла агенцтва Associated Press, прэм’ер нікуды не выходзіць, яго рэзыдэнцыя старанна ахоўваецца вайскоўцамі, і невядома, ці зрабіў ён адтуль хаця б адзін тэлефонны званок.
У якасьці тлумачэньня такіх жорсткіх захадаў генэрал аль-Бурхан апісаў, як яго генэралітэт ацэньвае палітычную сытуацыю ў Судане:
«Уся краіна была паралізаваная палітычнай варожасьцю. Досьвед апошніх двух гадоў паказаў, што ўдзел палітычных сіл у пераходным пэрыядзе мае шмат праблем і толькі спараджае звады, — сказаў, у прыватнасьці, Абдэль Фатах Аль-Бурхан. — Некаторыя зь іх гаварылі пра дыскрымінацыю іншых, і ўсё гэта падштурхоўвала Судан да грамадзянскай вайны, страты адзінства ў грамадзтве і пагрозе раздрабненьня краіны. Вось з такімі пагрозамі нам прыйшлося мець справу».