Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белпошта» адсудзіла ў «Народнай волі» звыш 100 тысяч рублёў


Архіўнае фота
Архіўнае фота

«Белпошта» адсудзіла ў Народнай волі больш за 100 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі за непрададзеныя наклады, паведаміў «Ежедневник».

Эканамічны суд Менску прысудзіў «Белпошце» апошнюю частку сумы ад кампэнсацыі, якую дзяржаўная арганізацыя запатрабавала ў канцы мінулага году з газэты «Народная воля». Усяго прыватнае выданьне, якое ня здолела надрукаваць газэты ў друкарнях Беларусі і Расеі і адпаведна даставіць наклады на «Белпошту», абавязана выплаціць заяўніку больш як 108 тысяч рублёў.

«Народную волю» адмовіліся ў жніўні 2020 году друкаваць спачатку ў «Беларускім доме друку» і беларускіх друкарнях, а потым і ў друкарнях Расеі.

Паводле галоўнага рэдактара «Народнай волі» Ёсіфа Сярэдзіча, «Белпошта» не атрымала накладаў «не таму, што мы адмовіліся».

«Мы прапанавалі ім даставіць наклад для падпісчыкаў і тое, што можна прадаць у паштовых аддзяленьнях. Нашыя газэты былі ў экспэдыцыі некалькі дзён, але „Белпошта“ думала і адмовілася на трэці дзень. Такім чынам, мы ня можам пагадзіцца з пазовам супраць нас. Паралельна будзем прыцягваць да адказнасьці выдавецтва „Беларускі дом друку“», — сказаў напярэдадні судовага працэсу Ёсіф Сярэдзіч.

Сёлета прайшлі тры судовыя паседжаньні — у лютым, сакавіку і на мінулым тыдні. Эканамічны суд задаволіў усе патрабаваньні «Белпошты».

Спыненьне выхаду недзяржаўных выданьняў

У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад ад палітычнага ціску пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:

  • «Белгазета»,
  • «Брестская газета»,
  • «Газета Слонімская»,
  • «Информ-прогулка»,
  • «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
  • «Лидер-пресс».
  • «Народная воля»,
  • «Новы час»,
  • «Рэгіянальная газета»,
  • «Свободные новости плюс».

У некаторых рэдакцыях і ў журналістаў прайшлі ператрусы.

Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG