Лінкі ўнівэрсальнага доступу

COVID-19: у Беларусі памерлі яшчэ 15 чалавек, прызыўнікоў адпраўляюць на ізаляцыю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ва ўмовах пандэміі каранавірусу ў Беларусі пачаўся восеньскі прызыў у войска.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла, што за мінулыя суткі было зафіксавана 1997 выпадкаў каранавірусу. Учора паведамлялася пра 2042 выпадкі, а рэкорд быў у чацьвер — 2097.

За ўвесь час памерлі 4 530 чалавек з каранавірусам, зь іх 15 — за мінулы дзень.

З 22 кастрычніка ў Беларусі адмянілі патрабаваньне абавязкова насіць маскі і трымаць дыстанцыю. 19 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка загадаў Міністэрству аховы здароўя вярнуць плянавыя агляды і апэрацыі, а таксама выказаўся за тое, каб кожны сам вырашаў, ці насіць яму маску.

Zerkalo.io раней паведаміла, што атрымала доступ да базаў новых хворых у Менску і Віцебску. Калі верыць пададзеным там лічбам, то можна зрабіць выснову, што ў афіцыйную статыстыку трапляе прыблізна ўтрая менш выпадкаў.

Тым часам у першы дзень у войскі Беларусі накіравана каля тысячы прызыўнікоў. Усяго на ўкамплектаваньне Ўзброеных сіл, іншых войскаў і вайсковых фармаваньняў у кастрычніку-лістападзе плянуецца накіраваць каля 10 тысяч чалавек, для праходжаньня службы ў рэзэрве — каля 200 чалавек.

«У сувязі з санітарна-эпідэміялагічным становішчам у краіне на абласных і Менскім гарадзкім зборных пунктах сумесна з органамі аховы здароўя праводзяцца дадатковыя захады, накіраваныя на прадухіленьне распаўсюду віруснай інфэкцыі сярод навабранцаў. Прыбыўшы да месца службы, усё новае папаўненне пройдзе двухтыднёвую ізаляцыю », — адзначылі ў Мінабароны Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG