Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску пасьля крытыкі Лукашэнкі анулявалі антыкаранавірусныя абмежаваньні


Праверка тэмпэратуры ў заўзятара перад матчам бабруйскай «Белшыны», ілюстрацыйнае фота
Праверка тэмпэратуры ў заўзятара перад матчам бабруйскай «Белшыны», ілюстрацыйнае фота

Улады Бабруйску — першага беларускага горада, дзе 18 кастрычніка ўвялі абмежаваньні для невакцынаваных — пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі адмовіліся ад сваіх рашэньняў.

У Бабруйску адмянілі загад правяраць сэртыфікаты аб вакцынацыі і ПЦР-тэсты ў наведнікаў начных клюбаў і дыскатэк. У горадзе зноў можна заходзіць ва ўстановы і езьдзіць у грамадзкім транспарце бяз масак, як і наведваць крамы.

«У адпаведнасьці з рашэньнем Бабруйскага гарвыканкаму з комплекснага пляну мерапрыемстваў у прафілактыцы інфэкцыі COVID-19 выключаныя пункты 23, 35, 36, 41», — адзначаецца на сайце выканаўчага камітэту.

18 кастрычніка ўлады Бабруйску паставілі начныя ўстановы перад выбарам: або закрывацца на ноч, або пускаць толькі наведнікаў з адмоўным ПЦР-тэстам на COVID-19 ці з сэртыфікатам аб вакцынацыі.

Што адмянілі?

Загад тычыўся дыскатэк, гульнявых клюбаў, казіно, абʼектаў грамадзкага харчаваньня, начных клюбаў, бараў, більярдных, боўлінгаў і г.д. З сэртыфікатамі або тэстамі мусілі таксама быць усе работнікі. І ўдзень, і ўначы ў такіх установах абавязвалі правяраць кліентам тэмпэратуру і пільнаваць, каб яны трымалі дыстанцыю ў паўтара-два мэтры.

Акрамя таго, забаранялі знаходзіцца ў грамадзкіх установах і транспарце бяз масак; абслугоўваць кліентаў бяз масак; адпраўляць у службовыя выправы непрышчэпленых работнікаў; праводзіць прэзэнтацыі, дэгустацыі, дзіцячыя і рэклямныя імпрэзы, калі на іх немагчыма забясьпечыць дыстанцыю ня менш за паўтара мэтра; праводзіць кірмашы; гандляваць з латкоў, палатак і вазкоў уздоўж аўтадарог; курыць кальяны.

19 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка загадаў Міністэрству аховы здароўя вярнуць плянавыя агляды і апэрацыі, а таксама выказаўся за тое, каб кожны сам вырашаў, ці насіць яму маску: маўляў, справа добраахвотная.

Пасьля гэтага мэдычнае ведамства адмяніла ўсе свае ранейшыя антыковідныя абмежаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG