Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістка Кацярына Карпіцкая атрымала адпіскі на скаргі пра катаваньні на Акрэсьціна


Кацярына Карпіцкая
Кацярына Карпіцкая

Журналістка «Нашай Нівы» Кацярына Карпіцкая атрымала адказы на свае звароты ў дзяржаўныя органы, у якіх пісала пра катаваньні і парушэньні ўмоваў утрыманьня ў ІЧУ на Акрэсьціна, дзе яна адбывала адміністрацыйнае пакараньне з 14 жніўня па 13 верасьня.

Як паведамляе «Наша Ніва», скаргі на ўмовы ўтрыманьня на Акрэсьціна былі накіраваныя адразу ў некалькі інстанцый: у Генэральную пракуратуру, Менскую гарадзкую пракуратуру, у дэпартамэнт фінансаў і тылу МУС РБ, у Рэспубліканскі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі і ў ГУУС Менгарвыканкаму.

У дэпартамэнце фінансаў і тылу МУС адказалі ляканічна: «Факты не знайшлі пацьверджаньня». Такі ж кароткі і адказ з Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі: «Факты, указаныя ў звароце, не знайшлі свайго пацьверджаньня».

«Падчас праверкі парушэньняў законнасьці ў дзеяньнях супрацоўнікаў ІЧУ ГУУС Менгарвыканкаму і правілаў унутранага распарадку ня выяўлена», — такі адказ журналістка атрымала ад намесьніка начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Басава.

Падобныя адпіскі атрымлівалі і іншыя грамадзяне, якія спрабавалі абскардзіць парушэньні правілаў утрыманьня ў беларускіх турмах.

Правілы ўтрыманьня асуджаных па адміністрацыйных справах зафіксаваныя ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе Рэспублікі Беларусь і Правілах унутранага распарадку месцаў адбываньня адміністрацыйнага арышту, якія зацьверджаныя пастановай Савету міністраў № 313.

Напрыканцы верасьня Кацярына Карпіцкая апісала ў сваім фэйсбуку ўмовы, зь якімі сутыкнулася на Акрэсьціна і якія з поўным правам можна ацаніць як катаваньні.

«30 сутак там у сёньняшніх умовах мне хапіла, каб выйсьці з букетам новых хвароб — ад фарынгатрахеіту да цыстыту і кароны (дарэчы, менавіта прышчэпка дапамагла перанесьці апошняе досыць лёгка ў параўнаньні з маімі сукамэрніцамі). А людзі сядзяць там па 60 сутак і больш, у залежнасьці ад таго, колькі пратаколаў ім захочуць накінуць.

Сядзяць у антысанітарыі — іх ніколі ня водзяць у душ і не выдаюць нават шчотак з асабістых рэчаў. Туалетную паперу часам прыходзілася выбіваць па сантымэтры.

Сядзяць месяцамі бяз шпацыраў (паветра ў камэру № 15 магло паступаць да нас толькі з калідора праз «кармушку», але яе спэцыяльна ўвесь час зачынялі).

Сядзяць без матрацаў (падушкай нам служыў сплесьнелы хлеб, а на голай падлозе ці шконцы спаць было б яшчэ магчыма, але ночы даўно дзіка халодныя — нават абдымаючы адна адну і заціскаючы паміж ног бутэльку з гарачай вадой, мы не маглі супакоіць дрыжыкі. Ночы ператвараліся ў цыкль фізычных практыкаваньняў — прысядаць, паадціскацца, пастаяць у планцы — неяк пагрэцца і заснуць)».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG