Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на нарадзе аб COVID-19 выступіў супраць прымусовай вакцынацыі і штрафаў. Прысутныя былі бяз масак

абноўлена

Нарада ў пытаньнях распаўсюду каранавірусу з удзелам Лукашэнкі. Усе ўдзельнікі без ахоўных масак. Менск, 19 кастрычніка 2021 году.
Нарада ў пытаньнях распаўсюду каранавірусу з удзелам Лукашэнкі. Усе ўдзельнікі без ахоўных масак. Менск, 19 кастрычніка 2021 году.

Сытуацыя з каранавірусам у Беларусі прыняла страшныя маштабы. Улады, якія паўтара года практычна замоўчвалі, а на пэўным этапе нават адмаўлялі праблемы, цяпер гавораць пра бяду, зь якой сутыкнулася Беларусь.

Аляксандар Лукашэнка ў панядзелак на нарадзе з прычыны сытуацыі з COVID-19 у краіне сказаў:

  • «Калі абʼектыўна казаць, то насуперак надзеям шматмільярднага насельніцтва Зямлі, а таксама прагнозам так званай сусьветнай навукі каранавірус з сваімі мутацыямі і новымі штамамі застаецца рэальнай пагрозай для ўсіх краін.
  • Яшчэ раз хачу падкрэсьліць: нягледзячы на маё нэгатыўнае і жорсткае стаўленьне да напружаваньня людзей (маскі і іншае), вакцынавацца трэба. Я ніколі супраць гэтага ня быў. Інакш навошта я з Пуціным дамаўляўся, каб мы атрымалі гэты «Спутник». Я не магу забараняць вакцынаваць людзей, але і напружваць вы людзей ня будзеце.
  • Чаму паднялі гвалт на ўсю краіну? Чаму міліцыю мабілізавалі на праверкі масачнага рэжыму? Мацаеце ўсюды, нават жанчын не шкадуючы.
  • А то вось я гляджу ў Берасьці ўжо штрафаваць пачалі, і ўжо сілай, каленам на грудзі прымушаюць вакцынавацца. Я ж вас прасіў не дапускаць гэтага!
  • Тым больш што мы цямнім перад людзьмі? Мы ж ня ўсё ведаем пра гэтую хваробу. І кожны чалавек павінен распараджацца сваім лёсам, як ён лічыць патрэбным.
  • Мы паводзімся бязладна, а людзей прымушаем быць ідэальнымі. Не, Дзьмітры [Піневіч], так справа ня пойдзе. Вяртайцеся да таго, што мы рабілі ў першую хвалю.
  • А ня будзем лячыць людзей, зоймемся кавіднай і антыкавіднай палітыкай — давядзём народ да бунтаў. Будзе, як у Эўропе.
  • Нашых пратэстуноў увесь час там [на Захадзе] стымулююць і грашыма, і іншым: давайце будзем зрынаць уладу на гэтых антыкавідных мерапрыемствах. Калі вы гэтага ня бачыце, дык вы паслухайце, што я вам кажу.
  • Пашыраючы фэйкі і чуткі пра сытуацыю ў Беларусі, праціўнікі дзяржавы з-за мяжы хочуць ускалыхнуць краіну. Так, сытуацыя напружаная, людзі пачынаюць нэрвавацца. Таму патрэбна кампэтэнтная ацэнка».

Міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч сказаў на нарадзе, што «сытуацыя цалкам кантралюецца», хоць з такім ростам захворваньняў краіна яшчэ не сутыкалася.

У 2020 годзе Лукашэнка адмаўляў каранавірус, гаворачы, што вірусаў не відаць, а лячыць іх можна паездкай на трактары і піцьцём гарэлкі. Пазьней стаў казаць, што сам перахварэў на каранавірус, але ніякіх доказаў таму не было.

Па здымках з нарады відаць, што некаторыя яе ўдзельнікі ў Менску і ў рэгіёнах, якія далучаюцца празь відэасувязь, сядзяць бяз масак. Паводле здымкаў перад пачаткам нарады, некаторыя чыноўнікі ў Менску маскі надзелі.

Што Лукашэнка казаў пра каранавірус раней

Упершыню пра каранавірус Аляксандар Лукашэнка публічна загаварыў у сярэдзіне сакавіка 2020 году: сказаў, што вірусу няма, што гэта паніка, псыхоз. А калі і ёсьць,то найлепшыя лекі – гарэлка, лазьня, трактар, хакей.

  • 16 сакавіка 2020-га на нарадзе падчас кадравых перастановак Аляксандар Лукашэнка параіў новым прызначэнцам часьцей мыць рукі і засьцерагацца гарэлкай:
  • «Часьцей мыйце рукі, своечасова сьнедайце, абедайце і вячэрайце. Я чалавек непітушчы, але апошнім часам жартам кажу, што гарэлкай, напэўна, ня толькі рукі трэба мыць, але і ў дзень 40-50 грамаў у пераліку на чысты сьпірт – труціць гэты вірус. Але не на працы! Прыемна глядзець у тэлевізары – людзі на трактары працуюць, ніхто не гаворыць пра вірусы. Там трактар вылечыць усіх, поле ўсіх лечыць».
  • 28 сакавіка 2020-га Аляксандар Лукашэнка падчас хакейнага матчу заявіў журналістам тэлеканала АНТ, што ад каранавірусу лечыць спорт і лёд. Журналісты АНТ запыталіся, што яго можа спыніць ад выхаду на коўзанку:
  • «А навошта? Можна, але навошта? Я не разумею... Дзе вы бачыце вірус? Тут няма вірусаў ніякіх. Гэта халадзільнік. Самае лепшае здароўе! Лепш, чым спорт, асабліва лёд (нічога няма. – заўвага БелТА). Антывірусны лек, самы сапраўдны. Я жыву тым жа жыцьцём, што і жыў. І ўчора была трэніроўка з хакеістамі, сустракаемся, рукі паціскаем, абдымаемся там, калашмацім адзін аднаго і гэтак далей».
  • 2 красавіка 2020 году ў інтэрвію тэлеканалу «Мир» Аляксандар Лукашэнка заявіў, што самаізаляцыя не эфэктыўная ў барацьбе з пандэміяй каранавірусу. Каб змагацца з інфэкцыямі, ён параіў часьцей бываць на сьвежым паветры, займацца спортам і добра харчавацца.
  • Мы, маўляў, на дыеце сядзелі, а патрэбна тлустая ежа. І я таксама абмяжоўваў сябе. А масла трэба цяпер есьці, аказваецца, тлушч дапамагае лёгкім змагацца зь вірусамі. Калі спэцыяліст, вучоны кажа, напэўна, ня дурань. Вось я з досьведу свайго яго ў гэтым падтрымліваю».
  • 3 красавіка 2020 году падчас наведваньня Смалявіцкага раёну Аляксандар Лукашэнка расказаў, што найлепшы лек ад каранавірусу – козачкі.
  • «…Пазаўчора зайшоў на фэрму – у мяне там козачкі, маленькія козачкі, толькі прыплод зьявіўся, зусім маленькія. І я адчыняю стойла гэтае вялікае, а там, як сьнег: усе беленькія, маленькія, белыя-белыя, вось як халат. Вось гэта аддушына. А ты кажаш: «Каранавірус, каранавірус».
  • «У нас у краіне не памёр ніводзін чалавек ад каранавірусу. Ніводзін! Я публічна пра гэта заяўляю. Гэта маё цьвёрдае перакананьне. Яны памерлі ад букету хранічных хваробаў, якія ў іх былі. Гэта сардэчна-сасудзістая недастатковасьць, лёгачная недастатковасьць. У комплексе. І цукровы дыябэт. А потым яшчэ такія дыягназы, што я нават прачытаць не магу. І дадаецца каранавірус».
  • 28 ліпеня 2020 году, наведваючы вайсковую частку 3214, Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што сам перахварэў на каранавірус:
  • «Я прыношу прабачэньні за свой голас. У апошні час даводзіцца шмат гаварыць. Але самае дзіўнае, што вы сустракаецеся з чалавекам, які на нагах умудрыўся перанесьці каранавірус. Такое заключэньне зрабілі ўчора лекары. Бессымптомна», – сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка на нарадзе аб каранавірусе
Лукашэнка на нарадзе аб каранавірусе
Удзельнікі нарады ў Віцебску
Удзельнікі нарады ў Віцебску
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG