Праект «Празрыстыя сьцены» нарадзіўся ў супрацоўніцтве праекту Politzek.me з калектывам мастакоў Volny Kalektyu. Ён уключае ў сябе працы больш як 30 фатографаў з 20 краінаў сьвету — ад Нігерыі да Канады — і ўяўляе сабой паштоўкі з фатаздымкамі, якія можна раздрукаваць і самому адправіць некаму з палітвязьняў. Спампаваць макеты можна тут.
Фатографы абралі з сваіх архіваў фатаздымкі, якія, на іхную думку, могуць падтрымаць людзей у турме. На іх — выявы прыроды, штодзённага жыцьця, жывёлаў, прастораў, іншых сюжэтаў і тэмаў, якіх, з словаў саміх палітвязьняў, у камэрах вельмі бракуе. На кожнай паштоўцы ёсьць камэнтар фатографа пра выяўленае на здымку: абставіны, успаміны або пачуцьці, зьвязаныя з кадрам.
Макеты паштовак можна спампаваць на сайце Politzek.me у разьдзеле «Зрабі сам». Макет памерам 20×15 см трэба раздрукаваць у колеры на шчыльнай паперы (на ліст А4 зьмяшчаецца 2 паштоўкі), скласьці папалам, падпісаць, укласьці ў канвэрт і адправіць адрасату.
Натхненьнем для праекту стаў ліст заснавальніцы «Прэс-клюбу» Юліі Слуцкай: «Напішу пра тое, чаго мне вельмі не хапае. І гэта не пра відавочныя рэчы. Напрыклад, няма магчымасьці паглядзець удалячынь і ўбачыць гарызонт. Перада мной увесь час сьцены-асобы-нары. Трохі ратуюць фатаздымкі — я ўвесь час іх разглядаю».
Што кажуць фатографы, якія паўдзельнічалі ў праекце
- «Калі ласка, перадайце людзям, якія цяпер у турме, каб яны не здаваліся і трымалі галаву высока; што іх барацьба важная, як і ўсякая барацьба за свабоду і годнасьць. Я зычу ім цярплівасьці і хачу, каб яны ведалі, што пасьля гэтых кратаў ёсьць жыцьцё, а іх зьняволеньне — гэта толькі часовыя цяжкасьці», — Оскар Кастыльлё.
- «Я ўсім сэрцам і думкамі з вашым народам і вельмі вам спачуваю. Спадзяюся, што ўсё гэта хутка скончыцца на вашую карысьць, і я ўпэўнены, што ўсё будзе добра!» — Георгс Авэтысьянс.
- «Я вельмі падтрымліваю вашую барацьбу за сапраўдную свабоду і незалежнасьць, і я ўпэўненая, што ў вас гэта будзе вельмі хутка. Не спыняйцеся і рабіце ўсё магчымае, бо гэта вашая краіна. На зямлі не павінна быць месца дыктатуры», — Дзіна Аганава.
- «Я з Масквы, але чамусьці Беларусь заўсёды была мне блізкая. Я добра памятаю жахлівы разгон Плошчы і чорныя сьпісы, якія ўдарылі па маіх сябрах-музыках, памятаю ціск на калегаў-журналістаў і як палілі альбомы з фатаздымкамі на мяжы. І хоць ніякіх ілюзіяў у мяне не было і тады, такога ўзроўню рэпрэсіяў, як цяпер, я не чакаў. Як журналіст я магу падтрымаць ахвяраў гэтых рэпрэсіяў, называючы рэчы сваімі імёнамі. Як фатограф — перадаўшы паштоўку з гэтым кадрам у камэры», — Яўгеній Фельдман.