Як паведамляе выданьне «Tribuna», з пасады кіраўніка Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы звольнілі Анатоля Макарэвіча. Ён працаваў на гэтай пасадзе год і запомніўся перасьледам лёгкаатлетаў, якія выказваліся супраць улады.
Менавіта пасьля прыходу Макарэвіча ў РЦАП з цэнтру звольнілі лёгкаатлетак Дар’ю Барысевіч, Вольгу Мазуронак, Сьвятлану Кудзеліч разам зь яе трэнэрам і мужам Ігарам Жаваранкам.
«Як казалі паміж сабой самі спартоўцы, Макарэвіча спэцыяльна прыслалі зь Мінспорту, каб ён наводзіў „парадак“ пасьля выбараў, і ціснуць на нязгодных было яго задачай», — піша выданьне.
Прычынай звальненьня самога Макарэвіча, як сьцьвярджае Tribuna, стаў яго подпіс за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Паводле выданьня, за подпіс у падтрымку Бабарыкі не працягнулі кантракт і з дырэктарам РЦАП па мастацкай гімнастыцы Міхаілам Еўсюком.
За той жа подпіс за Бабарыку не працягнулі кантракт са старшым трэнэрам нацыянальнай каманды па вольнай барацьбе Юрыем Жызьнеўскім.