Беларускі фотажурналіст з разгромленай рэдакцыі TUT. BY Вадзім Заміроўскі не атрымаў дазволу на часовае пражываньне ва Ўкраіне — улады спаслаліся на «няпоўны пакет дакумэнтаў». Рэпартаж Рыгора Пырліка.
Раніца пятніцы. На мосьце над алеяй Герояў Нябеснай Сотні зьбіраюцца ўкраінскія і беларускія праваабаронцы. Мітынг прысьвечаны затрыманым супрацоўнікам беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна». Месца акцыі сымбалічнае: за адзін квартал адсюль, на вуліцы Грушэўскага, загінуў удзельнік Рэвалюцыі Годнасьці беларус Міхаіл Жызьнеўскі. Каб пасьмяротна прысвоіць іншаземцу Жызьнеўскаму званьне Героя Ўкраіны, Вярхоўная Рада мяняла заканадаўства.
З розных бакоў ланцуга пікетоўцаў на мосьце — два чалавекі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на плячах. Абодва зь Беларусі. Але пераехалі ва Ўкраіну пры розных абставінах і трапілі ў розныя ўмовы.
Пераездам праграміста Максіма Туркова займалася IT-кампанія. Яшчэ да таго, як ён апынуўся ў Кіеве, працадаўцы аформілі для яго дазвол на працаўладкаваньне. Рашэньне пакінуць Беларусь не было спантанным, тлумачыць Максім: «Калі сытуацыя перайшла ў доўгую, пазыцыйную барацьбу на цягавітасьць, лепшае, што зараз я магу зрабіць, — не плаціць ім (беларускім уладам. — РС) падаткі».
З журналістамі Максім размаўляе лёгка, твар не хавае. Галоўнае, што зараз яго турбуе ва Ўкраіне, — які горад выбраць для жыцьця: сталіцу ці Адэсу, дзе ён раней ужо працаваў.
Кацярына згаджаецца даваць інтэрвію, толькі закрыўшы твар цёмнымі акулярамі і мэдычнай маскай. На яе просьбу мы не называем яе сапраўднага імя: у Беларусі застаецца муж Кацярыны, і яна баіцца, што публічнасьць яму пашкодзіць.
Кацярына расказвае, што на радзіме актыўна ўдзельнічала ў пратэстах, яе пяць разоў штрафавалі і тройчы адпраўлялі на «суткі». Зьехаць давялося, калі навісла пагроза ўжо крымінальнага перасьледу:
«Адчуваньне небясьпекі было даўно. Міліцыянты прыходзілі дадому, але мяне не было. Калі б была дома, напэўна, мяне б даўно арыштавалі. Дзеці баяліся дзьверы адчыніць — міліцыянты прыходзілі і да іх, у цывільным, задавалі пытаньні: „Хто твая мама, чым яна займаецца?“. Я вельмі не хацела ехаць, але пачуцьцё пагрозы было невыноснае».
Украіну як краіну прытулку сям’я Кацярыны абрала сьвядома. Яе дачка-школьніца разумее ўкраінскую мову, таму тут моўны бар’ер для дзіцяці быў бы мінімальны.
Але ў Кіеве мігрантка сутыкнулася з пагрозай ужо зь лістапада апынуцца на нелегальным становішчы. Па штампе аб перасячэньні мяжы яна можа быць ва Ўкраіне толькі паўгода. Затым павінна на паўгода выехаць — і толькі тады атрымае права яшчэ на паўгода пражываньня.
У Беларусі Кацярына працавала перакладчыцай зь нямецкай мовы і гідам для замежных турыстаў. У адрозьненьне ад айцішніка Максіма Туркова, Кацярыне па родзе дзейнасьці не належыцца льготны парадак для афармленьня віду на жыхарства. Для прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спэцыялістаў, у прыватнасьці ў сфэры інфармацыйных тэхналёгій і інавацый, кабінэт міністраў Украіны ўвёў спрошчаную працэдуру — часовы від на жыхарства выдаецца за тры працоўныя дні.
Сям’я Кацярыны шукае іншыя падставы для перасяленьня, але пакуль марна: «У мужа ёсьць украінскія карані, мы ведаем, што тут нарадзілася яго бабуля. Але даказаць гэта складана. Некаторыя архівы ўжо даслалі адказ, што няма запісу аб месцы нараджэньня бабулі. Ня ўсе архівы, мабыць, захоўваюцца», — кажа яна.
Правілы і працэдуры: хто можа застацца
Да сьнежня 2020 году на грамадзян Беларусі распаўсюджваўся той жа парадак прыезду ва Ўкраіну, што прыняты для жыхароў астатніх дзяржаў, зь якімі краіна ўвяла бязьвізавы рэжым: знаходзіцца ва Ўкраіне можна было да 90 дзён на працягу паўгода. 23 сьнежня Кабмін выдаў асобную пастанову — беларусам дазволілі бязвыезна заставацца паўгода на працягу году.
Украінскі праваабаронца, каардынатар праекту «Бязь межаў» Максім Буткевіч называе такую меру «арытмэтычнай апэрацыяй». Фармальна ўсё выглядае як павелічэньне тэрмінаў, але на справе колькасьць дзён засталася тая самая — паўгода на працягу году.
«У любым выпадку гэта пазытыўны крок, мы яго віталі — часта людзям недастаткова трох месяцаў, каб прыйсьці ў сябе. Ім даводзілася і даводзіцца вельмі тэрмінова зьяжджаць, ратуючыся ад рэпрэсій, і трэба зразумець, што рабіць далей. За паўгода гэта зрабіць лягчэй. Але нейкіх кардынальных крокаў па паляпшэньні і аблягчэньні становішча грамадзян Беларусі тут зроблена не было», — тлумачыць Буткевіч.
Акрамя таго, норма аб 180 днях замест 90 дзейнічала нядоўга — у канцы сьнежня 2021 году яна страціць сілу (калі ня будзе падоўжана), і ў новых эмігрантаў зь Беларусі зноў будзе толькі тры месяцы на легалізацыю.
Для таго каб застацца ва Ўкраіне даўжэй, трэба атрымаць часовы від на жыхарства. У законе «Аб прававым статусе іншаземцаў і асоб без грамадзянства» для гэтага пералічаны 13 падстаў, сярод іх працаўладкаваньне, валянтэрства, прапаведаваньне рэлігійных вучэньняў, узьяднаньне зь сям’ёй, праца ў замежнай некамэрцыйнай арганізацыі ці кампаніі ды іншыя.
За год беларускіх пратэстаў арганізацыя Максіма Буткевіча прыняла каля двухсот зваротаў ад беларусаў, якія прыехалі ва Ўкраіну і хацелі б застацца тут надоўга. Многія зь іх жадалі легальна працаўладкавацца. У гэтым выпадку на кожнага супрацоўніка працадаўца павінен атрымліваць дазвол у цэнтры занятасьці і прайсьці празь зьвязаныя з гэтым бюракратычныя працэдуры. А галоўнае — гарантаваць іншаземцу аклад, ня меншы за 10 мінімальных заробкаў — гэта 60 тысяч грыўняў (прыкладна 2200 даляраў). «Вельмі мала хто з працадаўцаў, калі не ідзе гаворка аб найманьні ўнікальных высокакваліфікаваных спэцыялістаў, гатовы гарантаваць такі аклад», — кажа Буткевіч.
Каардынатар створанай ва Ўкраіне праваабарончай ініцыятывы Free Belarus Center Паліна Бродзік зьвяртае ўвагу на парадокс. Гарантаваць зарплату ў 2200 даляраў для сваіх супрацоўнікаў маглі б прадпрыемствы IT-галіны. Але ім даваць гарантыі якраз ня трэба, Кабмін распрацаваў для такой катэгорыі мігрантаў спрошчаны парадак атрыманьня віду на жыхарства.
«Большасьць тых, хто прыяжджае, не айцішнікі і не прадпрымальнікі. Таму людзі або шукаюць яшчэ нейкія варыянты, або проста зьяжджаюць з краіны», — кажа Паліна Бродзік.
З восьмай спробы: як арганізаваная падача дакумэнтаў
Адзін з магчымых варыянтаў легалізацыі — валянтэрства. Ва Ўкраіне — 625 грамадзкіх і дабрачынных арганізацый, у якіх ёсьць пацьверджанае дзяржавай права прыцягваць да дзейнасьці валянтэраў. Рэестар арганізацый у фармаце табліцы Excel апублікаваны на сайце Нацыянальнай сацыяльнай сэрвіснай службы. Гэтыя аб’яднаньні могуць афармляць хадайніцтва на выдачу пасьведчаньня на права жыхарства для валянтэраў. Але такі спосаб не дае падставы для працаўладкаваньня.
Па гэтым шляху пайшлі беларус Арцём (прозьвішча ён прасіў не называць) і яго жонка. Арцём працуе ў сфэры IT, але ва Ўкраіну прыехаў за некалькі месяцаў да таго, як Кабмін увёў спрошчаны парадак для спэцыялістаў яго галіны. Яшчэ будучы ў Беларусі, Арцём дамовіўся з украінскай кампаніяй, якая пагадзілася атрымаць дазвол на яго працаўладкаваньне. Але калі яны з жонкай прыехалі ва Ўкраіну, працадаўца перадумаў, кажа Арцём: «Наймальніку значна менш выгадна браць замежнікаў, чым грамадзян сваёй краіны. Ёсьць пэўныя патрабаваньні, таму значна прасьцей і таньней заплаціць украінцу».
У Беларусі Арцём і яго жонка таксама займаліся валянтэрствам, таму па парадзе праваабаронцаў і ва Ўкраіне вырашылі знайсьці грамадзкую арганізацыю і падацца ад яе як валянтэры. Але, знайшоўшы паручыцеляў, сямейная пара сутыкнулася зь бюракратызмам у Дзяржаўнай міграцыйнай службе. Падаць дакумэнты яны змаглі з восьмай спробы:
«У аддзел афармленьня дакумэнтаў мы прыехалі а шостай раніцы і былі другімі, хоць адчыняўся ён у восем. Але самае цікавае пачалося потым. Супрацоўніка, які прымаў дакумэнты, не было на працоўным месцы да 12 гадзіны, ніхто ня мог нас прыняць. Затым ён прыйшоў на 15 хвілін у раёне абеду і сышоў на абед. У выніку першы чалавек да яго зайшоў у 16:00, а зачыняліся яны тады ў 17:00, і мы зразумелі, што ўжо не трапляем на прыём».
Затым было яшчэ некалькі няўдалых спробаў. Спачатку дакумэнты не прынялі таму, што не было згоды ад усіх уласьнікаў кватэры, дзе Арцём з жонкай зьбіраліся жыць. Іншаму інспэктару спатрэбілася «мокрая» пячатка на страхавым полісе — а поліс быў электронны. У выніку дакумэнты падалі, від на жыхарства — атрымалі. Яго тэрмін дзеяньня заканчваецца ў лютым, і муж і жонка ўжо зараз маральна рыхтуюцца да новага этапу бюракратычных працэдур.
Выпадак Заміроўскага і «легалізацыя» журналістаў
Фотакарэспандэнт найбуйнейшага беларускага інфармацыйнага парталу TUT. BY Вадзім Заміроўскі прыехаў ва Ўкраіну ў траўні — пасьля таго як улады разграмілі рэдакцыю. Тады сілавікі правялі ператрусы ў офісе TUT. BY, заблякавалі сайт і затрымалі як мінімум 14 супрацоўнікаў. Каб застацца ва Ўкраіне больш як на паўгода, Вадзім павінен атрымаць від на жыхарства.
Наогул у журналістаў, у параўнаньні зь іншымі катэгорыямі мігрантаў, досыць рэдка здараюцца праблемы зь легалізацыяй, кажа намесьнік кіраўніка незалежнай Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі, які цяпер таксама жыве ў Кіеве. Каб атрымаць від на жыхарства, супрацоўнікі мэдыя павінны прадставіць ліст на блянку рэдакцыі. Заяву трэба адправіць у Міністэрства па пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый. Міністэрства дае прадстаўленьне ў Дзяржаўную міграцыйную службу, а ДМС ужо на падставе гэтага дакумэнту выдае від на жыхарства.
Больш складаная сытуацыя для фрылансэраў або супрацоўнікаў мэдыя, якім давялося зачыніцца ў апошні год, кажа Гарэцкі: «Што тычыцца журналістаў, у якіх выданьні зачыненыя або разгромленыя, яны пакуль зьвяртаюцца да партнэрскіх выданьняў, тых, на якія яны калісьці працавалі, з просьбай прадставіць ліст».
Вадзім Заміроўскі пайшоў па гэтым шляху — цяпер ён супрацоўнічае зь незалежным беларускім інфармагенцтвам БелаПАН, ад яго і падаў дакумэнты. Але міграцыйная служба яму адмовіла. У ведамстве спаслаліся на тое, што пакет дакумэнтаў быў няпоўны. Праз тэлефон інспэктар міграцыйнай службы сказаў — справа ў «шапцы» ліста з рэдакцыі.
«На словах мне растлумачылі, што я падаў ліст ад рэдакцыі, у якім быў зварот у Міністэрства па рэінтэграцыі і ў Дзяржаўную міграцыйную службу. У ДМС сказалі: трэба, каб ліст быў толькі ў ДМС. Мне тэлефанавалі з такім пытаньнем на працягу разгляду маіх дакумэнтаў. Я адказаў: „На вялікі жаль, мне ніхто ня можа выдаць другі раз такі ліст, таму што рэдактар, якая яго падпісала, цяпер у турме“. Я думаў, што пытаньне закрытае, але ў выніку атрымаў адмову — як мне патлумачылі — з гэтай прычыны», — кажа карэспандэнт.
Атрымаўшы адмову, Вадзім Заміроўскі зьвярнуўся да адвакатаў. Юрыстам ужо не інспэктар раённага падразьдзяленьня, а супрацоўнікі кіеўскага ўпраўленьня ДМС назвалі іншую прычыну: журналіст падаў копію ліста з рэдакцыі, а не арыгінал з «мокрай» пячаткай. Як тлумачыць Заміроўскі, рэдактар зь БелаПАН даслала яму копію на электронную пошту, а адправіць арыгінал цяпер няма каму. Праца агенцтва ў Беларусі паралізаваная.
На тое, каб абскардзіць рашэньне ДМС або зьвярнуцца ў іншае выданьне, у Вадзіма засталося няшмат часу: на няўдалую спробу афармленьня ён ужо патраціў два месяцы. Пасьля таго як аб атрыманай ім адмове напісалі ўкраінскія, расейскія і беларускія калегі-журналісты, стала вядома, што яму дадуць дазвол на часовае пражываньне: «Толькі што мы размаўлялі з кіраўніцай Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны, якая выдатна разумее праблемы нашых калегаў, і знайшлі выхад з сытуацыі, якая склалася», — напісаў Барыс Гарэцкі ў сябе ў фэйсбуку.
Колькі беларусаў ва Ўкраіне і ці могуць яны атрымаць статус уцекача
Колькі беларусаў пераехалі ва Ўкраіну пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і пачатку пратэстаў, дакладна не вядома. «У нас няма адсочваньня кожнага грамадзяніна, мы дэмакратычная краіна», — казаў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксей Данілаў у эфіры ток-шоў у траўні гэтага году. Паводле дадзеных Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, за першае паўгодзьдзе 2021-га мяжу на ўезд перасеклі 115 тысяч грамадзян Беларусі, а за ўвесь 2020 год — 465 тысяч. У іх ліку могуць аказацца і тыя, хто перасякаў мяжу некалькі разоў — езьдзіў па справах, ці тыя, хто заехаў ва Ўкраіну, але не застаўся тут жыць.
Свае дадзеныя пра тых, хто вырашыў застацца ва Ўкраіне, «Настоящему времени» прадставіла Дзяржаўная міграцыйная служба. На 1 верасьня 2021 году ведамства выдала 520 відаў на пастаяннае жыхарства (упершыню і ў парадку абмену) і 2260 відаў на часовае пражываньне (упершыню і абмен). Міграцыйная служба адмовіла ў атрыманьні віду на сталае жыхарства 560 грамадзянам Беларусі, у выдачы часовага — 2154 беларусам. Прычыны адмоваў ДМС у адказе на журналісцкі запыт не пералічыла.
Акрамя часовага ці пастаяннага віду на жыхарства, грамадзяне Беларусі ва Ўкраіне тэарэтычна могуць скарыстацца трыма магчымасьцямі:
- Атрымаць статус уцекача — згодна з Канвэнцыяй ААН, яго прысвойваюць тым, у каго ёсьць абгрунтаваныя асьцярогі на радзіме стаць ахвярай перасьледу па прыкметах расы, веравызнаньня, нацыянальнасьці, грамадзянства, прыналежнасьці да сацыяльнай групы або палітычных перакананьняў.
- Атрымаць статус асобы, якая мае патрэбу ў дадатковай абароне, — зьвярнуцца па гэты статус могуць тыя, хто не падпадае пад крытэрыі ўцекача. Напрыклад, на дадатковую абарону ва Ўкраіне могуць прэтэндаваць іншаземцы, на радзіме якіх ідзе вайна або масава прымяняюцца катаваньні альбо сьмяротнае пакараньне.
- Атрымаць статус чалавека, які мае патрэбу ў часовай абароне.
Праваабаронца Максім Буткевіч лічыць, што менавіта апошні статус найбольш эфэктыўна вырашыў бы праблемы беларусаў ва Ўкраіне. Яго дзяржава можа ўжываць у выпадку масавага вымушанага ўезду людзей ва Ўкраіну з тэрыторыі суседняй дзяржавы. Адпаведна, рашэньне прымаецца не па кожным чалавеку асобна, а адносна ўсёй групы вымушаных мігрантаў. Хоць часовая абарона згадваецца ва ўкраінскіх законах з 2011 году, не было ніводнага выпадку, каб гэты статус прымянілі, кажа Буткевіч:
«За шмат гадоў да гэтага быў ваенны канфлікт у Прыднястроўі, і, верагодна, у памяць аб гэтай сытуацыі норму аб часовай абароне ўпісалі ў закон. Цяпер з тэрыторыі Беларусі ва Ўкраіну прыяжджаюць людзі, але Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны ня лічыць гэтую сытуацыю масавым уездам. Такі сафістычны аргумэнт».
У прэс-службе Дзяржаўнай міграцыйнай службы «Настоящему времени» адказалі, што сапраўды ня лічаць прыбыцьцё грамадзян ва Ўкраіну масавым. Зь якой колькасьці пачынаецца масавасьць, у ведамстве не ўдакладнілі.
Звароты па статус уцекача або па дадатковую абарону сярод беларусаў не папулярныя: пры тым, што пераяжджаюць відавочна тысячы, за год (з 1 жніўня 2020 году да 1 верасьня 2021-га) такіх зваротаў ад грамадзян Беларусі было 83. Для параўнаньня: часовы від на жыхарства за той жа тэрмін паспрабавалі атрымаць 6 тысяч чалавек.
Каардынатар ініцыятывы Free Belarus Center Паліна Бродзік кажа, што працэдура для статусу ўцекача або дадатковай абароны забюракратызаваная і сур’ёзна абмяжоўвае ахвочых у правах:
«У многіх іншых краінах у выпадку атрыманьня статусу ўцекача адкрываюцца дадатковыя магчымасьці — напрыклад, сацыяльныя выплаты. Плюс на час разгляду дакумэнтаў людзі не абмяжоўваюцца ў правах. Ва Ўкраіне ж чалавек здае свой пашпарт і аказваецца асобай без ідэнтыфікацыйнага дакумэнту. Фактычна, трапляе ў шэрую зону на час разгляду заяўкі, а разгляд можа доўжыцца месяцамі ці нават гадамі. З даведкай аб звароце па абарону ён ня можа ня тое што аформіцца на працу, але і адкрыць рахунак у банку і атрымліваць зарплату ад замежнай кампаніі, на якую мігрант працуе як фрылансэр».
Нават прайшоўшы ўсе працэдуры, разьлічваць на фінансавую дапамогу ад Украіны ўцякач ня зможа. Да чэрвеня 2020 году дзейнічала пастанова Кабміну, якая прадугледжвала выплату — не рэгулярную, а аднаразовую. Уцекачу выплачвалі 17 грыўняў (каля 60 цэнтаў па цяперашнім курсе). Але затым і гэты дакумэнт адмянілі.
Па статус уцекача або па дадатковую абарону зьвяртаюцца, як правіла, людзі, якія або перасеклі мяжу нелегальна, або апынуліся ў зусім складаным становішчы. Мігранты зь Беларусі спрабуюць захаваць уласны пашпарт, каб была магчымасьць перасякаць межы. Да таго ж некаторыя зь іх у будучыні спадзяюцца вярнуцца на радзіму.