Расьсьледаваньне абставінаў і прычын сьмерці мужчыны праводзіць пракуратура ў Сакулцы. Яно датычыць забойства чалавека па неасьцярожнасьці.
Крупа сказаў, што цела было знойдзена ў сераду ў полі падчас патруляваньня тэрыторыі паліцэйскім верталётам. Папярэднія высновы такія, што гэта труп чалавека, які раней знаходзіўся ў Беларусі, пра гэта сьведчаць дакумэнты, знойдзеныя побач зь ім, — паведаміў Крупа.
— Побач зь целам знойдзеныя беларускія візавыя дакумэнты ад 15 верасьня. Такім чынам, усё сьведчыць аб тым, што гэты чалавек уехаў у Беларусь у сярэдзіне верасьня, — сказаў Крупа.
Гэта пяты падобны выпадак у Польшчы на мяжы зь Беларусьсю.
Сёньня памежная служба Польшчы апублікавала відэа мігранткі зь Іраку, якая заклікае сваіх землякоў, каб яны ня верылі беларускім службам. Жанчына расказвае, што прайсьці мяжу зь Беларусі ў Польшчу вельмі складана і пагражае жыцьцю. Сама яна ня хоча падаваць дакумэнты на прытулак у Польшчы, паколькі яе задачай было дабрацца да Нямеччыны. Мігрантка кажа, што хоча вярнуцца дадому.
Таксама стала вядома, што Польшча зноў выклікала часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь у МЗС. Размова гэтым разам тычылася сытуацыі на польска-беларускай мяжы, пагрозаў і рызыкаў, зьвязаных з паводзінамі рэжыму Лукашэнкі, а таксама сытуацыі зь недапушчэньнем у Беларусь гуманітарнага канвою, адпраўленага польскай дзяржавай, паведамляе сайт польскага ўраду.
Мінулы раз Аляксандра Часноўскага выклікалі ў МЗС Польшчы менш як тыдзень таму — 8 кастрычніка. Гэта адбылося пасьля страляніны халастымі патронамі ў бок польскіх памежнікаў з боку беларускай мяжы.