У нямецкім Нюрнбэргу адбылася міжнародная канфэрэнцыя аб злачынствах Лукашэнкі супраць чалавецтва. На ёй выступілі палітыкі, юрысты, праваабаронцы і пацярпелыя ад рэпрэсій у Беларусі.
Удзельнікі прававой канфэрэнцыі ў Нюрнбэргу прынялі дэклярацыю па яе выніках.
- Экспэрты сабралі неабходныя асновы, каб распачаць справу ва ўнівэрсальнай юрысдыкцыі супраць Лукашэнкі.
- Дзеяньні Лукашэнкі ў выпадку з пасадкай самалёта Ryanair пацярпелыя ад гэтага краіны маюць разглядаць як тэрарыстычныя.
- Трэба стварыць міжнародную працэдуру для разгляду злачынстваў супраць правоў чалавека ў Беларусі ў межах маскоўскага мэханізму АБСЭ.
- Не разглядаць рэжым Лукашэнкі як легітымны, не прызнаваць Лукашэнку і ягоны ўрад, у іх няма юрыдычных і маральных правоў прадстаўляць інтарэсы беларусаў.
- Заклікаць дэмакратычныя дзяржавы зрабіць крокі для вырашэньня крызісу ў Беларусі.
Карбалевіч:
Пра канфэрэнцыю ў Нюрнбэргу
- Я думаю, што гэта мае найперш маральнае значэньне, а потым палітычнае. А вось што тычыцца прававых наступстваў, то я ня думаю, што гэта прывядзе да нейкіх канкрэтных вынікаў. Гаворка ж ідзе ня толькі пра Аляксандра Лукашэнку, але і тых людзей, якіх можна абвінаваціць у тым, што яны білі людзей, калечылі і працягваюць гэта рабіць. Але як міжнародная юрысдыкцыя можа дацягнуцца да гэтых людзей у Беларусі? Магчыма, гэта праца на пэрспэктыву, на дэмакратычную будучыню.
- Чарговы раз прадстаўнікі розных краін асудзілі на гэтай канфэрэнцыі парушэньне правоў чалавека. Магчыма, гэта будзе мець нейкі ўплыў на грамадзкую думку ў заходніх краінах; грамадзкая думка ўплывае на палітыкаў, а палітыкі мусяць неяк рэагаваць. Магчыма, будзе ўзмацненьне санкцый. Такі я бачу ланцужок уплыву, але найперш гэта маральны ўплыў, спроба прыцягнуць увагу сусьветных СМІ. Бо Беларусь часам пакідае парадак дня, таму трэба яе трымаць у цэнтры сусьветнай увагі.
Чаму працэсы ідуць так павольна
- Сытуацыя ў Беларусі не зьяўляецца ажно такой важнай для сусьветнай супольнасьці і для заходніх краін. Тут няма вайны, вострага канфлікту з Расеяй, як ва Ўкраіне. Колькасьць ахвяраў не такая вялікая, каб абурыць сусьветную супольнасьць. Гэта не Руанда, дзе былі сотні тысяч забітых. Трэцяя прычына — гэта Расея, якая падтрымлівае Беларусь. Таму любыя жорсткія дзеяньні адносна Беларусі сутыкаюцца з Расеяй, ядзернай дзяржавай. Апрача таго, ёсьць складанасьць зь юрыдычнымі падставамі. Беларусь не ўваходзіць у Раду Эўропы, таму на яе не распаўсюджваецца Эўрапейскі суд.
Ці ўдасца Лукашэнку дамагчыся прызнаньня ў сьвеце
- Лукашэнку не прызналі прэзыдэнтам у асноўным краіны Захаду. Астатнія ці то маўчалі, ці то ніяк не рэагавалі, ці рэагавалі слаба. Мы павінны памятаць, што большасьць краін у сьвеце сёньня не зусім дэмакратычныя. І чаму гэтыя краіны павінны рэагаваць на праблемы правоў чалавека, справядлівых выбараў у Беларусі? Але я нават ня думаю, што гэтае прызнаньне мае нейкае практычнае значэньне. Уручаць тыя граматы ці ня ўручаць, я ня думаю, што гэта моцна ўплывае на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі, на пэрспэктыву пераменаў і зьмену рэжыму. На гэта ўплывае пазыцыя вялікіх краін і санкцыі. А тое, ці павіншавалі Лукашэнку зь перамогай, ці ўручылі граматы, ня думаю, што гэта прынцыпова на нешта ўплывае.
Цыганкоў:
Пра канфэрэнцыю ў Нюрнбэргу
- Канфэрэнцыя сапраўды мела больш маральна-палітычнае адценьне, але, магчыма, будуць і нейкія канкрэтныя юрыдычныя захады, напрыклад заведзеныя крымінальныя справы. Яны могуць і не прыйсьці да нейкага лягічнага завяршэньня з той простай прычыны, што абвінавачаныя застаюцца ў Беларусі. Напэўна суд за мяжой ня можа адбыцца, пакуль няма сьведчаньняў людзей, якія б удзельнічалі як абвінавачаныя. Але ёсьць некалькі прэцэдэнтаў: вядомы працэс аб зьбітым над Данбасам самалёце. Нягледзячы на тое, што падазраваныя яго ігнаравалі, пэўныя рашэньні былі прынятыя. Яны сталі прадметам рэальных юрыдычных рашэньняў. Таму і тут я ня бачу перашкодаў, каб суд недзе за мяжой не завёў справу супраць канкрэтнага сілавіка, апытаў сьведак, пацярпелых і нават у яго адсутнасьць асудзіў яго на канкрэтны тэрмін.
- Некалькі тыдняў таму адзін з арганізатараў канфэрэнцыі, юрыст Міхаіл Кірылюк, абураўся, наколькі гэты працэс з палітычных прычынаў ідзе ня так, як яны б хацелі. То бок, ёсьць беларусы, якія гатовыя сьведчыць, якія падалі дакумэнты. Гэтыя дакумэнты прынялі за мяжой, а пазьней справа затармазілася. І мэта канфэрэнцыі, на думку Кірылюка, была акурат у тым, каб усё гэта ажывіць.
Чаму працэсы ідуць так павольна
- Відавочна, што ў гэтым тармажэньні ёсьць палітычныя прычыны. Магчыма, тыя краіны ня хочуць ставіць канчатковую кропку ў стаўленьні да рэжыму. Калі такое пачаць, то гэта будзе азначаць немагчымасьць далейшага дыялёгу і перамоваў. Калі рэжым прызнаюць тэрарыстычным, то гэта значыць, што з тэрарыстам трэба змагацца. Гэта будзе азначаць стан пэўнай вайны з той Беларусьсю, якая ёсьць. Таму гэта спыняе і прымушае задумацца пра нейкія дзеяньні.
Ці ўдасца Лукашэнку дамагчыся прызнаньня ў сьвеце
- Краіны па-за Эўропай ужо прызнаюць Лукашэнкі, уручаюць яму даверчыя граматы. Бо якая афрыканская ці азіяцкая краіна будзе пераймацца тымі парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі? Для большасьці зь іх такія парушэньні не выклікаюць санкцый. Для іх не існуе маральна-палітычных перашкод. У Турэччыне пасьля так званага перавароту Гюлена арыштавалі тысячы людзей і пасадзілі ў турмы. Адбываліся чысткі і ў арміі, і сярод нават выкладчыкаў. Пацярпелі дзясяткі тысяч людзей. Турэччына пад бокам ЭЗ, і што ён змог зь ёй зрабіць?