Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ByPol: Лукашэнка выкарыстоўвае Інтэрпол у сваіх палітычных мэтах


Беларусы зь Ліёну, Парыжу, Ансі і Грэноблю пікетавалі штаб-кватэру Інтэрполу ў Ліёне, 3 кастрычніка 2021
Беларусы зь Ліёну, Парыжу, Ансі і Грэноблю пікетавалі штаб-кватэру Інтэрполу ў Ліёне, 3 кастрычніка 2021

Ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў прадставіла расьсьледаваньне дзейнасьці Нацыянальнага бюро Інтэрполу ў Беларусі. Сьцьвярджаецца, што беларускае падразьдзяленьне ўводзіць міжнародную арганізацыю ў зман, маскуючы палітычныя справы пад крымінальныя.

У сваім новым расьсьледаваньні ініцыятыва ByPol прывяла некалькі праслуханых тэлефонных размоваў прадстаўнікоў Інтэрполу ў Беларусі і некалькі фактаў запытаў у міжнародны вышук, замаскаваных пад крымінальныя злачынствы.

У ініцыятыве сьцьвярджаюць, што шэраг запытаў міжнароднае бюро Інтэрполу адхіліла з прычыны відавочнага палітычнага падтэксту справаў. Так было, у прыватнасьці, у выпадку вышуку палітычных дзяячак Сьвятланы Ціханоўскай і Вольгі Кавальковай. За падобныя запыты беларускаму прадстаўніцтву Інтэрполу вынесьлі папярэджаньне і ў выніку паўтарэньня сытуацыі сяброўства Беларусі ў арганізацыі могуць прыпыніць.

Патлумачыць пазыцыю цяперашніх уладаў у міжнароднае бюро адправілі пасла Беларусі ў Францыю, аднак, як вынікае з матэрыялаў праслухоўваньня тэлефонных размоў сілавікоў, дыплямата нават ня сталі слухаць, бо зноў жа выявілі палітычны падтэкст.

Аднак завуаляваны пад крымінальныя артыкулы палітычны перасьлед можа даваць сілавікам пэўны плён — яны накіроўваюць у Інтэрпол запыты, каб высьветліць актуальныя зьвесткі пра месцазнаходжаньне чалавека, ягоныя фатаздымкі і іншую наяўную інфармацыю. У ByPol заяўляюць, што працягваюць зьбіраць факты, калі палітычных уцекачоў зь Беларусі ў запытах апісваюць як злачынцаў, каб прынамсі сабраць пра іх паболей інфармацыі.

Пры гэтым сама Беларусь, як вынікае з расьсьледаваньня, не сьпяшаецца выдаваць замежных грамадзян, якія хаваюцца ў Беларусі і праходзяць у сапраўдных крымінальных справах за мяжой. Сілавікі стараюцца праверыць замежнага грамадзяніна, ці няма за ім чагосьці «палітычнага», і толькі потым прымаюць рашэньне аб выдачы. Пры гэтым двое сілавікоў у размове адкрыта гаварылі пра ўстойлівыя мэтады працы — прыход зьнянацку да іншаземца з мэтай нібыта праверкі па месцы рэгістрацыі, а потым катаваньні, каб даведацца якую-небудзь інфармацыю.

Акрамя таго, Беларусь адхіліла некалькі міжнародных запытаў Інтэрполу аб выдачы падазраваных у крымінальных справах. У прыватнасьці, адмовілася выдаць брата зьбеглага экс-прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева Жаныбека Бакіева і ўкраінскага банкіра Віктара Братко з атачэньня таксама зьбеглага экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.

ByPol заяўляе, што працягне інфармаваць Інтэрпол аб парушэньнях і дамагацца часовага прыпыненьня сяброўства Беларусі ў арганізацыі, «да аднаўленьня канстытуцыйнага ладу».

ByPol — ініцыятыва былых сілавікоў, якія адмовіліся служыць Лукашэнку і пайшлі ў адстаўку, арганізаваўшы за мяжой шэраг расьсьледаваньняў дзеяньняў былых калег у задушэньні пратэстаў у Беларусі. У сваіх публікацыях ByPol паказаў шмат выпадкаў перавышэньня службовых паўнамоцтваў міліцыянтамі, прамых загадаў да беспадстаўных затрыманьняў і катаваньняў людзей, а таксама ўнутраных канфліктаў у сілавых органах цяперашняй Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG