Здарэньне адбылося яшчэ 1 кастрычніка, але выгрузка цыгарэт яшчэ працягваецца, паведаміла літоўская мытня.
Больш як 400 тысяч пачкаў цыгарэт былі схаваныя ў піламатэрыялах, якія, паводле дакумэнтаў, перавозіў грамадзянін Беларусі на фуры. Кошт выяўленых цыгарэт Minsk Superlimits ды NZ Gold Superslims мытнікі прыблізна ацанілі ў 1,43 мільёна эўра.
Кіроўцу арыштавалі.
Абсалютны рэкорд цыгарэтнай кантрабанды зь Беларусі зафіксавалі сёлета ў траўні памежнікі Польшчы — амаль 10 мільёнаў даляраў у эквіваленце. Каля 2,5 мільёна пачкаў везьлі ў трох кантэйнэрах на цягніку.
Папярэдні рэкорд датаваны лютым гэтага году, калі ў Польшчу зь Беларусі спрабавалі перавезьці 1 мільён 800 тысяч пачкаў беларускіх цыгарэт на 7,5 мільёна даляраў.