Папярэдні конкурс абвяшчалі ў канцы ліпеня. Аднак прайшоў ён безвынікова.
«Па выніках працы журы было прынята рашэньне не вызначаць пераможцу і правесьці паўторны конкурс эскізных праектаў», — гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства культуры.
Да ўдзелу запрашаюцца аўтары або аўтарскія калектывы са скульптараў і архітэктараў, што маюць альбо атрымліваюць адпаведную прафэсійную адукацыю.
Што такое «Дзень народнага адзінства» ў Беларусі
Паміж СССР і Нямеччынай у жніўні 1939 году была падпісаная дамова аб новых межах і сфэрах уплыву ва Ўсходняй Эўропе («пакт Молатава — Рыбэнтропа»). 17 верасьня 1939 году савецкая Чырвоная армія, скарыстаўшыся нападам нацысцкай Нямеччыны на Польшчу, без абвяшчэньня вайны ўварвалася на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Гэтыя землі ў міжваенны пэрыяд знаходзіліся ў складзе Польшчы.
Дзяржаўным сьвятам у СССР гэты дзень не лічыўся: пра «ўзьяднаньне БССР і Заходняй Беларусі» згадвалі, але стрымана і сьціпла. Ні ўрачыстых сходаў, ні мітынгаў ці парадаў у гэтыя дні не праводзілася.
7 чэрвеня 2021 году Аляксандар Лукашэнка, які ўтрымлівае ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, заснаваў сьвята «Дзень народнага адзінства».
Рашэньне адзначаць падзеі 17 верасьня 1939 году як дзяржаўнае сьвята выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю ў суседзяў — у МЗС Літвы заявілі, што афіцыйны Менск «ігнаруе злачынствы, учыненыя двума самымі жорсткімі таталітарнымі рэжымамі ХХ стагодзьдзя».
У польскім МЗС заснаваньне сьвята назвалі «часткай дзеяньняў Расеі, накіраваных на пераасэнсаваньне надзвычай складанай гісторыі нашага рэгіёну». У Варшаве не сумняваюцца, што Лукашэнка выконвае тым самым расейскую палітыку перагляду складанай гісторыі рэгіёну.
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы назваў гэтую дату «Днём адзінства двух таталітарызмаў».