Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяржаву разьюшыла, што людзі вырашылі ўзяць кіраваньне праблемамі ў свае рукі». Як беларусы ў Канадзе дапамагаюць радзіме


Акцыя беларусаў Канады. Таронта, 30 жніўня 2020 году
Акцыя беларусаў Канады. Таронта, 30 жніўня 2020 году

Пагутарылі са старшынёй Згуртаваньня беларусаў Канады Аленай Лявончанкай пра тое, чым займаецца цяпер дыяспара, якія сацыяльныя і культурныя праекты ладзяць і як сябры арганізацыі прасоўваюць беларускія пытаньні ў канадзкім парлямэнце.

«Асноўная місія — абарона незалежнасьці беларускай дзяржавы»

«Пратэсты ў Канадзе былі заўжды. Яны, можа, былі не такія гучныя, як у 2020-м, але гэта была прынцыповая пазыцыя супраць Лукашэнкі, супраць фальсыфікацыяў, — кажа Алена Лявончанка. — Мы выходзілі заўсёды ў Таронта перад адміністрацыйнымі будынкамі, пісалі лісты палітвязьням, нават у мінулыя кампаніі ў Канаду прыходзілі адказы. Калі ў 2014 годзе быў хакейны чэмпіянат, мы былі з плякатамі „Не давайце дыктатару чэмпіянат, не спрыяйце ягонаму іміджу“. На жаль на той момант гэта было толькі ў Канадзе. Як мы пабачылі, сёлета беларусы па ўсёй плянэце зразумелі важнасьць гэтага і пікеты былі амаль ва ўсіх краінах».

Алена Лявончанка
Алена Лявончанка

Згуртаваньне беларусаў Канады ўтварылі беларускія эмігранты ў 1948 годзе, гэта адна з найстарэйшых арганізацый дыяспараў.

«Заснавальнікі былі вельмі адукаваныя, у асноўным з Заходняй Беларусі. Яны вучыліся ў гімназіях, эўрапейскіх унівэрсытэтах. У Канадзе многія працавалі разносчыкамі, грузчыкамі, лесарубамі, пакуль не пацьвердзілі свае дыплёмы і не змаглі працаваць па прафэсіях. Калі яны стварылі згуртаваньне, разумелі, што добра было б мець сваё памяшканьне і царкву. Яны аддавалі па 5-10% свайго штотыднёвага заробку, каб назьбіраць грошай на свой будынак, і вось праз два гады змаглі яго купіць», — апавядае старшыня арганізацыі Алена Лявончанка.

Беларусы Канады падчас адной з акцыяў салідарнасьці. Таронта, 1 верасьня 2020 году
Беларусы Канады падчас адной з акцыяў салідарнасьці. Таронта, 1 верасьня 2020 году

У гэтым будынку ў Таронта дагэтуль працуе беларускі цэнтар і аўтакефальная царква. Арганізацыя расла, праз 20 гадоў быў утварыўся актыўны аддзел у Атаве і Манрэалі, які закрыўся, але цяпер яго спрабуюць аднавіць.

«Асноўная місія — абарона незалежнасьці беларускай дзяржавы. На той момант гэта была нерэальная мара, бо Беларусь была часткай Савецкага Саюзу. Але яны ўсё роўна былі вялікія ідэалісты і змагары за незалежную Беларусь, таму сустракаліся зь мясцовымі палітыкамі і на міжнародным узроўні даводзілі, што ёсьць такая беларуская нацыя — з асобнай мовай і гісторыяй».

Алена кажа, што ёй надае натхненьня, што заснавальнікі Згуртаваньня пражылі 40 гадоў у выгнаньні, але пабачылі, як разваліўся СССР, змаглі прыехаць у Беларусь і актыўна дапамагаць.

«Многія ўключыліся ў дапамогу па чарнобыльскіх праграмах. Тут быў вялікі дабрачынны фонд, які стварыла старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, і больш за 5000 дзяцей прыехалі ў Канаду па праграмах адпачываць. Адзін са старшыняў арганізацыі Мікола Ганько езьдзіў з гуманітарнай дапамогай. Таксама акрамя абароны беларускіх інтарэсаў было вельмі шмат культурнай працы, выдавалі кнігі, падручнікі беларускай мовы, публікавалі навуковыя працы і сацыяльныя дасьледаваньні пра Беларусь у міжнародных часопісах».

Згуртаваньне беларусаў Канады актыўна супрацоўнічала зь іншымі дыяспарамі. Таксама штогод на Дзень Волі з 1970-га па 2005 год на гарадзкой ратушы ў Таронта ўздымалі бел-чырвона-белы сьцяг.

Акцыя беларусаў Канады. Таронта, 1 верасьня 2020 году
Акцыя беларусаў Канады. Таронта, 1 верасьня 2020 году

«Каб Канада дапамагла фінансава і візамі людзям, якія ўцякаюць зь Беларусі»

Летась дзякуючы Згуртаваньню зьявілася група 8 сяброў дэмакратычнай Беларусі ў канадзкім парлямэнце.

«Мы зь імі некалькі разоў сустракаліся, дасылалі ім брыфы аб сытуацыі, што адбываецца з палітвязьнямі, уцекачамі, і прасілі, каб Канада дапамагла фінансава і візамі людзям, якія ўцякаюць зь Беларусі. На жаль, гэта было цяжка рабіць ва ўмовах ковіду, бо ўсе міграцыйныя праграмы былі прыпыненыя. Цяпер ужо становіцца лепш і мы спадзяёмся, што гэтая група будзе працаваць далей».

Алена дадае, што афіцыйны візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Канаду паспрыяў бы запуску працэсу дапамогі.

«Канада мае вельмі добрую рэпутацыю краіны, якая вывозіць людзей з канфліктных зонаў вось ужо больш за 30 гадоў. Цяпер ідзе падтрымка дысыдэнтам з Ганконгу і ўцекачам з Афганістану, яшчэ раней увезьлі звыш 30 000 уцекачоў з Сырыі і далі ім прыстанішча. Таму цяпер мы просім палітыкаў, каб разгледзелі магчымасьць такой праграмы і для беларусаў, вымушаных уцякаць».

Сябры Згуртаваньня напісалі лісты прэм’ер-міністру Джастыну Трудо і іншым палітыкам аб сытуацыі ў Беларусі. Аддзел у Атаве стварыў афіцыйную пэтыцыю ў парлямэнт.

«У Канадзе кожны грамадзянін мае права зьвярнуцца ў парлямэнт з прапановай або пытаньнем. Калі пэтыцыя набірае больш за 500 подпісаў, то яе зачытваюць у парлямэнце. І вось сябры ў Атаве цудоўна спрацавалі зь мясцовым парлямэнтаром, які быў спонсарам пэтыцыі. За два тыдні мы набралі больш за 800 подпісаў, і гэтую пэтыцыю прадставілі на парлямэнцкіх слуханьнях».

«100-годзьдзе БНР сьвяткавалі ў канадзкім парлямэнце»

Афіцыйных сяброў ЗБК, якія плацяць унёскі і ўдзельнічаюць у сходах, каля 80 чалавек. Яшчэ каля 300 чалавек па ўсёй Канадзе — арганізатары, актывісты, валянтэры.

«Летась мы стварылі мэдыягрупу, якая займаецца працай з канадзкімі журналістамі. Вельмі важна, каб пра Беларусь пісалі і гаварылі, бо калі перастануць, то і ня будзе ніякай дапамогі. Таксама мы арганізоўвалі і ўдзельнічалі ў вэбінарах ад канадзкіх інстытутаў. Яшчэ кірунак палітычны — гэта праца з дэмакратычнымі штабамі і канадзкімі палітыкамі. Ёсьць і свой прадстаўнік народнай амбасады для беларусаў замежжа».

Яшчэ ёсьць каманда, якая займаецца культурнымі праектамі. У Атаве група музыкаў ладзіць праект «Сэрцам зь Беларусьсю», у якім запісваюць сучасныя і клясычныя кампазыцыі беларускіх творцаў.

«У Таронта ў нас дзейнічае фальклёрны гурт пад кіраўніцтвам Віялеты Кавалёвай, „Яваровы людзі“. Яму ўжо амаль 20 гадоў, вельмі прыемна, што дадаўся дзіцячы хор. Таксама быў беларускамоўны тэатар, адну з п’есаў да юбілею Ларысы Геніюш мы паказвалі ў Таронта і Атаве, і таксама некаторы час у нас працаваў філіял курсаў „Мова нанова“, заняткі рабіла Ірына Тоўсьцік. Зараз будзем усё гэта аднаўляць пасьля ковіду, будзем шукаць новыя формы».

Штогод Згуртаваньне беларусаў Канады ладзіць традыцыйныя сьвяты і абрады.

«Самае папулярнае — Купальле, на яго зьбіраецца па 150 чалавек. Мы яго ладзім за горадам у маёнтку „Слуцак“, у прыгожым месцы на возеры. Мы зьбіраемся штогод на выходныя і робім абрад з купальскім колам, людзі плятуць вянкі, абавязкова робім „вядзьмарку“, якую спальваем або топім. Таксама вельмі прыгожая працэсія на пачатку, калі дзяўчаты плятуць касу мэтраў 30-40 з травы, нясуць яе і сьпяваюць. Потым вячэраем разам і танчым, а раніцай сустракаем сонейка і купаемся ў возеры».

Дыяспара абавязкова сьвяткуе Каляды
Дыяспара абавязкова сьвяткуе Каляды

«У беларускім цэнтры мы робім для дзяцей і дарослых абрады зь песьнямі і каляднікамі. Неяк выступалі на ангельскай мове на калядным кірмашы ў Таронта. На праваслаўнае Раство робім ялінку для дзяцей на беларускай мове са спэктаклем. Вельмі здорава, што апошнія гадоў пяць бацькі самі ставілі п’есы для дзетак».

Дзень Волі ў Канадзе адзначаюць бесьперапынна ад самага заснаваньня Згуртаваньня, вось ужо 73 гады.

«Сёлета мы сьвяткавалі онлайн, людзі падключаліся з розных гарадоў, як яны выйшлі на пікеты, хтосьці запісваў відэа. Да пандэміі традыцыйна адзначалі ў Таронта і Атаве, зьбіраліся ў залі, сьпявалі гімн, ладзілі канцэрт, спэктакль. Рабілі неяк беларускую дыктоўку».

Алена лічыць вельмі важнай традыцыю сьвяткаваньня Дня Волі.

«На 100-годзьдзе БНР было вельмі відаць, што людзі ганарацца Беларусьсю, бо ў Таронта прыйшлі больш за 100 чалавек, а ў Атаве дамовіліся са сваім парлямэнтаром Чандра Ар’я і ён дапамог арганізаваць залю ў будынку канадзкага парлямэнту. Было шмат гасьцей зь іншых дыяспараў і прадстаўнікоў гарадзкіх уладаў Атавы».

Згуртаваньне ладзіць онлайн-заняткі з рэпрэсаванымі настаўнікамі ў Беларусі, каб дапамагчы ім зарабіць грошай. Група актывістаў дапамагае сабраць сродкі на падтрымку сем’яў палітвязьняў.

«Мы зрабілі онлайн-курс пра гісторыю, культуру і геаграфію Беларусі для дзяцей і дарослых. Было вельмі цікава. Яшчэ ў нас ёсьць курсы францускай мовы, якія таксама вядзе настаўніца зь Беларусі».

Акцыя салідарнасьці беларусаў Канады, верасень 2020 году
Акцыя салідарнасьці беларусаў Канады, верасень 2020 году

«У людзей узьняўся гонар за сваю краіну, за народ, за свае карані»

Вось як Алена рэагуе на тое, што для многіх беларусаў стала адкрыцьцём актыўная дзейнасьць дыяспараў:

«Унутры Беларусі больш за 30 гадоў працавала Згуртаваньне беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“, якое акурат закрылі. І яны рабілі вельмі шмат для таго, каб пра дыяспары ведалі ў Беларусі. Хто быў у гэтай тэме, той ведаў, што кангрэсы праводзяцца, ладзяцца мерапрыемствы. У асноўным гэта былі дэмакратычныя актывісты з розных партый, моладзевых і праваабарончых арганізацый».

Самае добрае, што адбылося летась, лічыць старшыня Згуртаваньня, што людзі выразна зразумелі, што Беларусь мусіць быць незалежнай.

«У людзей узьняўся гонар за сваю краіну, за свой народ, за свае карані. Гэта абудзіла многіх людзей у дыяспарах, многія прыйшлі на нашыя пікеты, захацелі далучыцца да арганізацыі. Летась раптам людзі ўсьвядомілі сябе беларусамі, выйшлі ў публічную прастору. Цяпер у нас стварыліся суполкі Згуртаваньня ў Эдмантане, Ванкувэры, Манрэалі, Сасктаўне. Гэта той здабытак, які мы мусім разьвіваць, трымаць людзей у кантакце, рабіць разам нейкія праекты, бо гэта нас узмацняе».

Акцыя беларусаў Канады, верасень 2020 году
Акцыя беларусаў Канады, верасень 2020 году

«Усё трымаецца на жаданьні людзей рабіць сваё жыцьцё лепшым»

«Праблема адна, што ў нас за 70 гадоў савецкай улады і 26 гадоў Лукашэнкі выкаранілася традыцыя вырашаць свае праблемы сваімі рукамі. У Канадзе, каб дзіця скончыла школу і магло паступаць у інстытут, трэба прайсьці некалькі дзясяткаў гадзін грамадзянскай працы: схадзіць у дом для састарэлых, павучыць маленькіх дзяцей, павалянтэрыць у шпіталях і госьпісах. Тут у кожнай школе ёсьць бацькоўская рада, да якой прыслухоўваецца кіраўніцтва школы. У любым аспэкце свайго жыцьця ты маеш голас і, калі ў цябе ёсьць цікавасьць, ты можаш удзельнічаць і ўплываць».

У Беларусі, кажа Алена, як толькі грамадзянскі актывізм пачаў разьвівацца, улады пачалі яго зьнішчаць.

«Дзяржаву так разьюшыла, што людзі вырашылі ўзяць кіраваньне сваімі праблемамі ў свае рукі, што пачаліся такія жорсткія рэпрэсіі. Гэта не дазваляецца ў савецкім мэнталітэце Лукашэнкі. Так і з дыяспарамі. Калі вы хочаце, каб гэта была моцная арганізацыя, якой вы можаце ганарыцца, то ніхто ня прыйдзе і ня зробіць гэта за вас. Я вось цяпер старшыня арганізацыі, але я не магу падпісаць дэкрэт, як Лукашэнка, і сказаць: „Усё, усім працаваць“. Не, усё працуе на ініцыятыве людзей: калі ты хочаш, каб штосьці было, калі ласка, прыходзь, выбірай сабе кавалак працы, што табе цікава і што ты ўмееш рабіць. Усё трымаецца на жаданьні людзей рабіць сваё жыцьцё лепшым».

Акцыя беларусаў Канады, 30 жніўня 2020 году
Акцыя беларусаў Канады, 30 жніўня 2020 году

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG