Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест Баскава кіраваць Фэдэрацыяй хакею будзе чэмпіён у веславаньні


Аляксандар Багдановіч
Аляксандар Багдановіч

Фэдэрацыю хакею Беларусі 8 кастрычніка ўзначаліў вясьляр, чэмпіён Алімпіяды-2008 Аляксандар Багдановіч.

Фэдэрацыю хакею Беларусі 8 кастрычніка ўзначаліў Аляксандар Багдановіч, паведаміў Нацыянальны алімпійскі камітэт.

У 2008 годзе Багдановіч заваяваў залаты мэдаль Алімпіяды ў веславаньні на каноэ.

Сёлета ў жніўні Аляксандар Багдановіч выступіў з асуджэньнем Крысьціны Ціманоўскай, якую зьнялі з Алімпіяды за крытыку кіраўніцтва, якое заявіла яе ў дысцыпліне, да якой яна не рыхтавалася.

«Так, я не спрачаюся, можа дзесьці недагледзелі, нешта атрымалася ня так. Але калі трэба было падставіць плячо, спартовец не захацеў выступаць, а хацеў проста хайпу. У кожнага ёсьць свая мэта. Хтосьці едзе змагацца за мэдаль, хтосьці едзе па іншыя мэты», сказаў Багдановіч у эфіры АНТ.

На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Багдановіч прагаласаваў датэрмінова.

«Мой выбар відавочны. Я рос разам з гэтай дзяржавай, у 1995 годзе пачаў займацца веславаньнем. Мы не былі адразу моцныя на міжнароднай арэне, але паступова набылі сваю ўпэўненасьць і незалежнасьць у спорце», — казаў ён БелТА.

Аляксандар Багдановіч — адзін з падпісантаў праўладнага ліста спартоўцаў, які зьявіўся летась у лістападзе.

Папярэднім старшынём Фэдэрацыі хакею быў Дзьмітры Баскаў.

8 верасьня Міжнародная фэдэрацыя хакею на 5 гадоў дыскваліфікавала Баскава за парушэньне кодэксу паводзінаў фэдэрацыі:

  • непасрэдны ўплыў на іншых іншых людзей для падтрымкі ўладаў,
  • пагрозы і дыскрэдытацыю беларускіх спартоўцаў за іх палітычныя погляды,
  • злоўжываньне сваім становішчам для падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі.

10 верасьня Дзьмітры Баскаў пакінуў пасаду старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі. У паведамленьні арганізацыі ўдакладнялася, што функцыянэр напісаў заяву аб звальненьні ў сувязі зь «неабгрунтаваным грубым ціскам і каб не нашкодзіць віду спорту».

Дзьмітрыя Баскава падазраюць у датычнасьці да забойства актывіста Рамана Бандарэнкі. Інцыдэнт здарыўся 11 лістапада 2020 году на «плошчы Перамен» у Менску, дзе група людзей зразала бел-чырвона-белыя стужкі. На Рамана Бандарэнку напалі, ён атрымаў цяжкія раненьні і на наступны дзень ад іх памёр.

14 верасьня Аляксандар Лукашэнка прызначыў Дзьмітрыя Баскава сябрам Савету Рэспублікі (верхняй палаты парлямэнту).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG