Расьсьледаваньне справы супраць анархістаў Ігара Аліневіча, Дзьмітрыя Дубоўскага, Сяргея Раманава і Дзьмітрыя Разановіча завяршылася, матэрыялы перададзеныя ў суд, паведаміла Генэральная пракуратура.
Дата суду пакуль невядомая.
Усім чатыром прад’явілі абвінавачаньне ў «незаконным абарачэньні зброі» і «акце тэрарызму, зьдзейсьненым арганізаванай групай».
Акрамя гэтага, Аліневічу і Дубоўскаму ставіцца ў віну незаконнае перамяшчэньне празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі. Ім пагражае да 25 гадоў зьняволеньня.
Чатырох анархістаў затрымалі ў ноч на 29 кастрычніка 2020 году пры перасячэньні беларуска-ўкраінскай мяжы. Іх вінавацяць у падпале аўтамашын каля будынкаў пракуратуры, Дзяржкамітэту судовых экспэртыз у Салігорску і ў падпале будынка ДАІ ў Мазыры.