Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Факты на стол. 14 фэйкаў Лукашэнкі з інтэрвію CNN


Аляксандар Лукашэнка і Мэт’ю Чэнс
Аляксандар Лукашэнка і Мэт’ю Чэнс

У інтэрвію тэлеканалу CNN Аляксандар Лукашэнка неаднаразова абвінавачваў журналіста Мэт’ю Чэнса ў пашырэньні фэйкаў, калі той задаваў пытаньні пра рэпрэсіі ў Беларусі. Мы вырашылі праверыць некаторыя выказваньні самога Лукашэнкі.

Лукашэнка: «Вы кажаце пра нейкія праваабарончыя арганізацыі. Мы бачылі дзейнасьць гэтых праваабарончых арганізацый. Праваабарончыя арганізацыі ў Сырыі вінавацілі сырыйцаў і расейцаў і іншых, што яны прымяняюць біялягічную зброю. Вы нават гэта паказвалі. Але, як потым выявілася, — гэта пастановачныя кадры. Можа, і ў выпадку зь Беларусьсю гэтыя праваабарончыя арганізацыі нешта вам падказваюць».

Факт: Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch сапраўды абвінавачвала сырыйскія ўлады ў адказнасьці за большасьць з 85 пацьверджаных хімічных атак на тэрыторыі краіны. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі па выніках сумеснага расьсьледаваньня і ААН, і Арганізацыя дзеля забароны хімічнай зброі. Яны прыпісвалі сырыйскаму рэжыму 8 выпадкаў выкарыстаньня хімічнай зброі. Але Расея скарысталася сваім вэта ў Радзе бясьпекі ААН, каб спыніць гэтае расьсьледаваньне.

Лукашэнка: «Я б прапанаваў вам абмяркоўваць не меркаваньне эфэмэрных прааваабарончых арганізацый, а канкрэтныя факты» (наконт катаваньняў).

Факт: Адна з праваабарончых арганізацый, якая за апошні год удзяляла найбольш увагі парушэньням правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку тэме катаваньняў пасьля выбараў, гэта «Міжнародная амністыя». Цікава, што менавіта дзякуючы гэтай арганізацыі сьвет даведаўся пра катаваньні ў турме Гуантанама. У сваіх адказах журналісту CNN Лукашэнка некалькі разоў згадваў пра ўмовы ў Гуантанама, цытуючы, па сутнасьці, факты, якія першай апублікавала менавіта гэтая праваабарончая арганізацыя. Аднак у беларускім пытаньні Лукашэнка адмовіўся абмяркоўваць факты, агучаныя праваабаронцамі, у тым ліку і «Міжнароднай амністыяй».

  • Пра факты катаваньняў у Беларусі з боку сілавікоў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў заяўлялі ня толькі праваабаронцы. Ужо ў верасьні 2020 году, менш як празь месяц пасьля выбараў, экспэрты ААН заявілі, што ім вядома пра 450 задакумэнтаваных выпадкаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня зь людзьмі. У лістападзе дзесяць экспэртаў ААН зьвярнуліся да ўладаў з просьбай расьсьледаваць гэтыя выпадкі.
  • 680 затрыманых, якія з 9 да 15 жніўня 2020 году прайшлі праз Акрэсьціна, падалі заявы аб супрацьпраўных дзеяньнях сілавікоў. Але ў жніўні гэтага году Сьледчы камітэт адмовіўся распачаць крымінальную справу за катаваньні на Акрэсьціна.
  • За жорсткае абыходжаньне з удзельнікамі пратэстаў з 9 жніўня 2020 году і да гэтай пары не завялі аніводнай крымінальнай справы, нягледзячы на сотні зваротаў па ўсёй краіне.

Лукашэнка: «Мы ніколі ва ўпор не стралялі ў ніводнага апазыцыянэра. І нават радыкала. Ніколі».

Факты: Удзельнік акцыі пратэсту пасьля выбараў Аляксандар Тарайкоўскі быў застрэлены ва ўпор супрацоўнікамі спэцпадразьдзяленьня 10 жніўня 2020 году ў Менску.

Ад стрэлу сілавіка ў вобласьць галавы 11 жніўня ў Берасьці быў забіты ўдзельнік пратэстаў Генадзь Шутаў. Як паведаміла сям’я забітага, у Шутава быў пашкоджаны галаўны мозг, быў моцны крывацёк, раздрабненьне костак. Апублікаванае відэа зь месца здарэньня абвяргае афіцыйную вэрсію, што Шутаў і ягоны сябар з мэталічнымі трубамі напалі на сілавіка і спрабавалі забраць у яго зброю.

Лукашэнка: (Пра Тарайкоўскага) «Чалавек падняў сьвятлашумавую гранату і спрабаваў кінуць у сілы правапарадку. І быў паранены. Ён прыйшоў забіваць... Ён выйшаў на барыкаду з нажамі і заточкамі і спрабаваў кінуць гранату».

Факт: Вядома некалькі відэа забойства Аляксандра Тарайкоўскага. Яны абвяргаюць вэрсію Лукашэнкі, што перад стрэлам у забітага былі заточкі, нажы і граната. Ён паволі ішоў у бок шэрагу сілавікоў з узьнятымі рукамі, у якіх нічога ня было.

Лукашэнка: «Вы нядаўна паказвалі, як у кангрэсе ЗША застрэлілі дзяўчыну, героя Амэрыкі. Гэта не парушэньне правоў чалавека? І вы сарамліва гэта замоўчваеце?»

Факт: Пра забойства 35-гадовай Эшлі Бэбіт падчас штурму Капітолію 6 студзеня 2021 году паведамлялі ўсе ўплывовыя амэрыканскія СМІ. Жанчына была сярод нападнікаў, якія спрабавалі пранікнуць у залю паседжаньняў Палаты прадстаўнікоў, дзе ў той час знаходзілася больш за паўсотні заканадаўцаў. На апублікаваным відэа здарэньня бачна, што паліцыянт стрэліў у Бэбіт тады, калі яна паспрабавала пралезьці праз забарыкадаваныя паліцыяй дзьверы, якія вялі ў залю паседжаньняў. Пазьней жанчына памерла ў лякарні.

Лукашэнка: «Дай бог, каб у мяне заўсёды была такая апазыцыя, як цяпер».

Факты: Раней Лукашэнка заяўляў, што асабіста даручаў адкрываць справы супраць сваіх палітычных апанэнтаў, бо яны хочуць расхістаць краіну знутры.

«Так, я даў сыгнал зь Ціханоўскім. Я нешта ня так зрабіў?» — заяўляў Лукашэнка.

  • У ліпені ён назваў сваіх апанэнтаў пухлінай, якую трэба ліквідаваць. Ліквідацыю арганізацый грамадзянскай супольнасьці ён патлумачыў пагрозай нацыянальнай бясьпецы і назваў 185 зь іх «дэструктыўнымі структурамі».
  • Зьмены ў Канстытуцыю ён таксама абгрунтоўваў пагрозамі апазыцыі. Паводле слоў Лукашэнкі, «іх» (апазыцыю) нельга дапусьціць да ўлады. На нарадзе, прысьвечанай канстытуцыйнай рэформе, ён таксама адзначыў, што новая Канстытуцыя Беларусі павінна ўлічыць «гэтыя нюансы».
  • Лукашэнка неаднаразова абвінавачваў сваіх апанэнтаў у змовах супраць сябе, плянаваньні яго забойства, тэрарыстычных актах.

Лукашэнка: «Вы можаце нечым даказаць, што я вырашыў адпомсьціць Эўрапейскаму Зьвязу (мігранцкім крызісам)? Вы лічыце мяне вар’ятам?»

Факты: На пачатку ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Эўразьвязу, бо з прычыны санкцый «у нас на гэта няма ні грошай, ні сіл».

Лукашэнка: «У вас ёсьць факты, што я піхаю гэтых людзей на мяжу з Польшчай? Не. І быць ня можа».

Факты: У жніўні супрацоўнікі агенцтва Эўразьвязу па бясьпецы зьнешніх межаў Frontex, якія дапамагаюць літоўскім памежнікам, пры патруляваньні мяжы на верталёце ў Салечніцкім раёне Літвы зафіксавалі групу нелегалаў, якіх суправаджаў ведамасны беларускі аўтамабіль. Памежнікам дапамагалі вайскоўцы і кінолягі з сабакамі.

Памежная служба Польшчы ў канцы жніўня апублікавала відэазапіс, зроблены з дапамогай цеплавізара ноччу на лініі мяжы зь Беларусьсю. Як сьцьвярджаецца, на відэа паказана, як беларускія памежнікі дапамагаюць мігрантам нелегальна перасекчы мяжу.

Самі мігранты расказвалі польскім журналістам, што беларускія сілавікі асабіста дапамагаюць ім з усталяваньнем лякалізацыі Польшчы на мабільных тэлефонах, каб прасьцей было пакінуць Беларусь, або непасрэдна паказваюць напрамак.

Лукашэнка: «Мы іх просім — вярніцеся да маразоў у Беларусь. Пабудзьце хаця ў Беларусі. Не, нам паабяцалі літоўцы і палякі палітычны або нейкі прытулак. Вось яны тры месяцы чакаюць вырашэньня гэтага пытаньня».

Факты: Гаворка пра ўцекачоў каля польскай мясцовасьці Уснар Горны. Некалькі дзясяткаў мігрантаў аказаліся заблякаваныя паміж польскімі і беларускімі памежнікамі. Аніводзін з бакоў не дазваляў ім вяртацца на сваю тэрыторыю.

Афіцыйныя Варшава і Вільня не запрашалі мігрантаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, на мяжы з Польшчай і Літвой, падаваць заявы на прытулак. Практычна адразу пасьля зьяўленьня на мяжы групаў уцекачоў літоўскі і польскі бакі заявілі, што пачынаюць будаўніцтва плота на мяжы зь Беларусьсю, каб спыніць плынь мігрантаў. У краінах прынялі адпаведныя дакумэнты, якія дазваляюць вяртаньне ўцекачоў на тэрыторыю Беларусі.

Лукашэнка: «Мы жылі без Эўрапейскага Зьвязу і яшчэ шмат гадоў пражывём. Акрамя вас, сьвет велізарны. І тое, што нам трэба прадаць, усё элемэнтарна можа набыць Расея. А яшчэ ёсьць паўтарамільярдны Кітай. Мы туды яшчэ нешта прадамо. У Турэччыне, Іране, Пакістане, Індыі. Мы абыходзімся бяз вас».

Факты: Эўразьвяз — другі па значнасьці гандлёвы партнэр Беларусі. Доля краін ЭЗ у зьнешнегандлёвым абароце РБ у 2020 годзе склала 22%. Тавараабарот Беларусі з ЭЗ летась склаў 12 мільярдаў даляраў ЗША. Па асноўных таварных групах за тры месяцы 2021 году ў гандлі Беларусі і ЭЗ назіраецца пераважна станоўчая дынаміка.

Тым часам тавараабарот Беларусі і Кітаю (у тры разы большага па насельніцтве за ЭЗ) па выніках 2020 году склаў $4,6 мільярда.

Лукашэнка: (Пра ковід) «Што тычыцца сьмерцяў. У нас 6–8 чалавек памірае ў суткі з падазрэньнем на ковід. І мы ўсіх з патолягаанатамам правяраем. І не заўсёды гэта (ковід) пацьвярджаем. У ЗША тысячамі гінуць, у Вялікай Брытаніі сотнямі гінуць».

Факты: Беларускія мэдыкі, у тым ліку ў публікацыях Свабоды, неаднаразова паведамлялі, што лічбы сьмяротнасьці ад каранавірусу ў Беларусі значна заніжаныя. Пасьля сьмерці пераважнай большасьці памерлых у пасьведчаньні аб сьмерці запісвалі хранічныя захворваньні, якія былі ў пацыента. Тым часам, паводле рэкамэндацыяў САЗ, прычынай сьмерці, калі ў памерлага быў выяўлены або нават падазраваны ковід, запісваецца менавіта каранавірус.

Паводле зьвестак статыстычнага аддзелу ААН наконт штомесячнай колькасьці сьмерцяў у Беларусі ў красавіку-чэрвені 2020 году, пададзеных урадам Беларусі, агульная колькасьць сьмерцяў перавысіла сярэднюю лічбу за апошнія 5 год прыблізна на 5500, у той час як сярэдняя лічба за студзень-красавік не паказала прыкметнае розьніцы з папярэднімі гадамі. Паводле «Нашай Нівы», падобныя статыстычныя анамаліі ніколі не назіраліся ад пачатку працы статыстычнага аддзелу ААН у 1980 годзе і маглі б адлюстроўваць фактычную статыстыку сьмерцяў ад каранавірусу ў Беларусі.

Лукашэнка: «Мы карыстаемся вакцынамі многіх краін»

Факты: З замежных вакцынаў у Беларусі прымяняюцца толькі дзьве: вытворчасьці Кітаю і Расеі.

Лукашэнка: «Вы сваю мэдыцыну развалілі, а мы яе ўмацоўвалі пастаянна».

Факт: У рэйтынгу мэдычных сыстэмаў сьвету (складаецца Сусьветнай арганізацыяй здароўя) ў 2019 годзе (апошнім даступным) Беларусь была на 72 месцы.

Вялікая Брытанія, грамадзянінам якой зьяўляецца Мэтʼю Чэнс, у рэйтынгу найлепшых у сьвеце грамадзкіх сыстэм аховы здароўя на 18 месцы, ЗША, дзе месьціцца сядзіба CNN, — на 37 месцы.

Лукашэнка: «Як толькі яны (вагнэраўцы) перасеклі пункт памежнага пропуску на беларускай-расейскай мяжы, то спэцслужбы па сваіх каналах атрымалі інфармацыю, што да нас накіроўваецца 30 узброеных людзей з РФ. І яны адразу ж трапілі ў поле зроку беларускіх спэцслужбаў».

Факт: У ліпені мінулага году Лукашэнка і дзяржаўныя СМІ прадставілі зусім іншую вэрсію. Нібыта вагнэраўцы зьвярнулі на сябе ўвагу падчас знаходжаньня ў санаторыі. Маўляў, падазрэньне адміністрацыі, як сьцьвярджаў тэлеканал «Беларусь 1», выклікала тое, што прыежджыя паводзілі сябе «нехарактэрна для расейскіх турыстаў». Перш за ўсё, не ўжывалі сьпіртнога і не наведвалі забаўляльных устаноў. Наадварот, трымаліся адасоблена, былі ў аднастайнай вопратцы ў стылі мілітары.

З Лукашэнкам гаварыў старэйшы міжнародны аглядальнік CNN у Расеі Мэцью Чэнс, які разьмясьціў анонс інтэрвію ў Twitter, назваўшы суразмоўцу «прэзыдэнтам Беларусі». Тым часам перамогу Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2020 году не прызналі ЗША, краіны Эўразьвязу, іншыя краіны сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG