«Мяркуючы па тым, што ён ня выйшаў з ізалятару, да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту», — паведаміў прадстаўнік «Комсомольской правды» Валянцін Алфімаў.
Раней галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін сказаў, што Генадзя Мажэйку будуць абараняць два адвакаты.
Журналіста выданьня Генадзя Мажэйку затрымалі ў ноч на 2 кастрычніка, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна ў Менску, у яго дома правялі ператрус. Дагэтуль дакладна невядома, у якой краіне затрымалі Мажэйку. Беларускія сілавікі сьцьвярджаюць, што зрабілі гэта ў Менску, але ёсьць таксама інфармацыя пра тое, што журналіста «КП» вывезьлі з Масквы.
4 кастрычніка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль апавясьціў Лукашэнку аб тым, што выступае супраць блякаваньня СМІ на беларускай тэрыторыі.
Праз матэрыял пра забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцара ў краіне заблякавалі сайт «Комсомольской правды в Беларуси»: там зьявілася нататка, дзе адна зь яго аднаклясьніц добра пра выказалася пра забітага мужчыну. Аўтарам той нататкі якраз быў Генадзь Мажэйка.
За нэгатыўныя камэнтары ў адрас забітага ў той перастрэлцы супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка сілавікі затрымалі ўжо звыш 110 чалавек.
Генадзь Мажэйка. Таямнічае затрыманьне журналіста
- У канцы верасьня на сайце «Комсомольской правды в Беларуси» зьявілася нататка, дзе адна з аднаклясьніц забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцара добра выказалася пра яго. Аўтарам нататкі быў журналіст Генадзь Мажэйка.
- Мажэйку затрымалі ў ноч на 2 кастрычніка, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна ў Менску, у яго дома правялі ператрус.
- Пры гэтым дакладна невядома, у якой краіне затрымалі Мажэйку. Беларускія сілавікі сьцьвярджаюць, што зрабілі гэта ў Менску, але ёсьць таксама інфармацыя пра тое, што журналіста «КП» выкралі з Масквы.
- Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін сказаў, што Генадзя Мажэйку будуць абараняць два адвакаты.
- 4 кастрычніка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль апавясьціў Лукашэнку аб тым, што выступае супраць блякаваньня СМІ на беларускай тэрыторыі, але беларускі бок ня чуе пазыцыі Масквы.
- 5 кастрычніка прадстаўнік «Комсомольской правды» Валянцін Алфімаў паведаміў, што Генадзь Мажэйка застаўся ў ізалятары пасьля 72 гадзін утрыманьня за кратамі, што азначае тое, што да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Пры гэтым абвінавачаньняў яму ня выставілі.
- 11 кастрычніка Мажэйку выставілі абвінавачаньні ў распальваньні сацыяльнай варажнечы (арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369). Да яго ў жодзінскае СІЗА не пускаюць адваката, спасылаючыся на карантын, а таксама не прымаюць перадачы.