У інтэрвію Польскаму Радыё Павал Латушка зьвярнуў увагу на правакацыі на мяжы. Ён паведаміў, што там здараюцца сьмяротныя выпадкі, людзі параненыя, а беларускія памежнікі займаюцца правакацыямі. Ён дадаў, што ў беларускіх уладаў ёсьць плян эскаляцыі гэтага крызісу.
Латушка сказаў, што мае інфармацыю, што аўганцы і іракцы з баявым досьведам праходзяць навучаньне на базах КДБ. На ягоную думку, каб спыніць міграцыйны крызіс, Эўразьвяз мусіць перш за ўсё прызнаць рэжым Аляксандра Лукашэнкі тэрарыстычным.
Павал Латушка ўпэўнены, што Лукашэнку і ягоных паплечнікаў павінен судзіць Міжнародны крымінальны суд у Гаазе за злачынствы, што яны ўчынілі. Ён нагадаў, што ў сьвятле міжнароднага права Лукашэнка па-ранейшаму лічыцца прэзыдэнтам Беларусі і, тым ня менш, падкрэсьліў ён, «гэта ўзурпатар, які сілай трымаецца ва ўладзе».
Латушка зьвярнуў увагу, што калі б міжнародная супольнасьць голасна абвясьціла, што яна не прызнае прэзыдэнцтва Лукашэнкі, то Беларусь страціла б грошы зь Міжнароднага валютнага фонду. Палітык таксама дадаў, што санкцыі супраць Беларусі неабходна ўзмацніць — сярод іншага, на пэўны пэрыяд трэба цалкам закрыць памежныя пераходы зь Беларусьсю, а таксама спыніць зь ёй эканамічнае супрацоўніцтва і абмен таварамі.
11 кастрычніка Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва заплянавала ў Нюрнбэргу ў Нямеччыне прававую канфэрэнцыю аб злачынствах супраць чалавечнасьці і прызнаньні Аляксандра Лукашэнкі тэрарыстам.