Усіх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучаньні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньні або іншым матэрыяльным забесьпячэньні (ч. 2 арт. 342 КК).
Справу разглядае судзьдзя Сяргей Салоўскі, дзяржабвінавачваньне падтрымліваюць Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў.
Леанід Судаленка з-за кратаў расказаў цэнтру «Вясна» , што адбываецца на закрытым судзе, калі будзе вынесены прысуд і чаму яны з Тацянай Ласіцай ня сталі пісаць прашэньняў аб памілаваньні.
У першы дзень паседжаньня высьветлілася, што ў справе 80 тамоў. Адна з прычын, зь якой суд зрабілі закрытым, — нібыта «бясьпека сьведак». Усяго дапыталі каля 200 чалавек, зь іх прыкладна 61 — непасрэдна ў судзе, пераважна людзей, якія зьвярталіся па прававую дапамогу.
«Усе сьведкі ў судзе сказалі праўду, і гэта галоўнае. Прыемна чуць, як людзі, якія прыходзяць у суд па позвах, кажуць „дзякуй“, зьвяртаючыся да мяне ў клетку. І гэта негледзячы на заўвагі суду», — напісаў у лісьце Леанід Судаленка.
Праваабаронца мае намер адстойваць сваю невінаватасьць усімі даступнымі яму сродкамі. Таксама расказаў пра судовы графік і свае прагнозы на будучыню.
«Крымінальнымі злачынцамі мяне і дзяўчат суд назаве бліжэй да сярэдзіны кастрычніка і накіруе нас з Тацянай на перавыхаваньне ў лягеры. Для Марыі, лічу, будзе пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. У мяне і Тані амаль 9 месяцаў зьняволеньня, а па новых правілах заліку тэрміну ў СІЗА — адзін дзень за паўтара. Гэта ўжо мінус год з тэрміну. У самым горшым выпадку ў нас 3 гады максымальна».
Паводле Леаніда Судаленкі, і яму, і Тацяне Ласіцы прыходзілі лісты з прапановай аб памілаваньні. Але гэта не варыянт, кажа ён, бо трэба прызнаць віну. Іншымі словамі, сказаць, што 20 гадоў «зьдзяйсьняў злачынствы», займаючыся праваабарончай дзейнасьцю.
Леанід Судаленка пад вартай у СІЗА ад 18 студзеня. На тры дні пазьней туды трапіла Тацяна Ласіца. У дачыненьні да Марыі Тарасенкі выбралі меру стрыманьня ў выглядзе абавязаньня аб яўцы і падпіскі аб нявыезьдзе.
Як удакладніў у лісьце Леанід Судаленка, канкрэтна яму ў віну ставяць наступныя эпізоды:
- Забясьпячэньне дровамі шматдзетнай сям’і, бацьку якой асудзілі за «беспарадкі».
- Відэа на YouTube-канале «Рудабельская паказуха», дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст.
- Заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомля Марыю Тульжанкову пасьля 15 сутак арышту.
- Сэмінар аб лічбавай бясьпецы для праваабаронцаў.
- Аплата штрафаў і збораў за звароты ў суд і дапамогу адвакатаў.