Amnesty International запусьціла электронны зварот за тэрміновае вызваленьне палітзьняволенай праваабаронцы «Вясны» Марфы Рабковай, якая ўжо больш за год утрымліваецца за кратамі.
«Улады Беларусі павінны спыніць перасьлед сябраў Праваабарончага цэнтру „Вясна“ і іншых грамадзянскіх актывістаў, а таксама паважаць правы ўсіх жыхароў краіны на свабоду аб’яднаньняў, мірных сходаў і на свабоду выказваньня меркаваньняў», — гаворыцца ў звароце.
Арганізацыя заклікае накіраваць міністру замежных спраў і генэральнаму пракурору Беларусі ліст з наступнымі патрабаваньнямі:
- неадкладна спыніць крымінальны перасьлед Марфы Рабковай і забясьпечыць зьняцьце зь яе ўсіх абвінавачаньняў;
- зрабіць усе неабходныя захады для неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Марфы Рабковай і ўсіх астатніх вязьняў сумленьня ў Беларусі.
Падпісаць электронны зварот можа любы, для гэтага неабходна на сайце Amnesty International пакінуць свае імя, прозьвішча, электронны адрас і абраць краіну.
Каардынатарку Валянтэрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову затрымалі 17 верасьня 2020 году. Яна стала першай затрыманай прадстаўніцай арганізацыі. У кватэры Марфы правялі ператрус, забралі грошы, асабістыя рэчы і тэхніку, а саму праваабаронцу зьмясьцілі пад варту, дзе яна і дагэтуль.
Марфа абвінавачваецца па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу выключна за сваю законную і мірную праваабарончую дзейнасьць.
У Беларусі за апошні год дзясяткі сябраў «Вясны» былі затрыманыя, у іх праходзілі ператрусы і допыты, сямёра дагэтуль у няволі: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка, Тацяна Ласіца.