Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Празь Беларусь у Нямеччыну. Як жывуць ўцекачы ў былым Сталінштаце


На беларуска-польскай мяжы, 30 верасьня
На беларуска-польскай мяжы, 30 верасьня

У былым горадзе Сталінштат на ўсходзе ФРГ расьце колькасьць мігрантаў, якія трапілі ў ЭЗ празь Беларусь. Як іх сустракаюць мясцовыя жыхары і што гавораць пра палітыку Лукашэнкі?

Рэпартаж з былога Сталінштадту DW.

Колькасьць уцекачоў у Айзэнгютэнштаце ў фэдэральнай зямлі Брандэнбург, што на ўсходзе Нямеччыны, з пачатку 2021 году вырасла ў 5-7 разоў. Гэта адбылося за кошт мігрантаў, якія нелегальна прыбылі ў ЭЗ празь Беларусь, кажуць у кіраўніцтве мясцовага лягеру для ўцекачоў. Толькі за верасень тут разьмясьцілі 1400 новых уцекачоў.

Абсалютная большасьць зь іх скарысталася «беларускім маршрутам»: яны прыляцелі ў Менск, пераважна з краін Блізкага Ўсходу, у прыватнасьці з Іраку, затым пры садзейнічаньні беларускіх уладаў перайшлі мяжу, апынуўшыся на тэрыторыі дзяржаў Эўразьвязу — Польшчы ці Літвы. Цяпер у лягеры знаходзіцца каля 2500 чалавек. Але чакаецца, што ўжо ў найбліжэйшы час гэтая колькасьць вырасьце да некалькіх тысяч.

Новыя жыхары былога Сталінштату

Айзэнгютэнштат — невялікі правінцыйны горад на ўсходзе Нямеччыны. Жыцьцё тут быццам замерла, многае ўсё яшчэ нагадвае пра ГДР і часы, калі горад насіў назву Сталінштат у гонар Ёсіфа Сталіна: тыповая панэльная забудова, дом культуры і закінутыя будынкі. У пустым горадзе паўсюль стаяць мэталічныя статуі людзей і зьвяроў, якія нагадваюць пра горадаўтваральнае прадпрыемства — мясцовы мэталюргічны камбінат.

Ад тысяч іншых нямецкіх гарадкоў Айзэнгютэнштат адрозьніваюць блізкасьць да мяжы з Польшчай і цяпер — нечаканая сувязь зь беларускімі падзеямі. Пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка ў адказ на санкцыі ЭЗ стаў спрыяць нелегальнай міграцыі ў Эўразьвяз, кожны дзень у гэты нямецкі гарадок празь Беларусь прыбываюць ад 50 да 100 чалавек.

Колькасьць уцекачоў, якія прыбылі празь Беларусь, расьце

«Мы назіраем магутны прырост колькасьці ўцекачоў з прычыны падзей у Беларусі», — кажа дырэктар лягеру ўцекачоў Оляф Янсэн. У лягеры ў экстраным парадку ствараюць дадатковыя магутнасьці: завозяць новыя кантэйнэры, расстаўляюць намёты, прывозяць харчы і адзеньне.

Галоўная праблема — мэдычная дапамога. «Тыя людзі, якія прыехалі празь Беларусь, часта ў вельмі дрэнным стане, у іх мноства захворваньняў, да 10% заражаныя каранавірусам. Перш за ўсё неабходна аказаць ім дапамогу», — адзначае Янсэн.

Для паскарэньня працы ў лягеры таксама працуе паліцыя: яна высьвятляе асобы мігрантаў, дазнаецца, як яны трапілі ў Нямеччыну, пасьля гэтага пачынаецца разгляд хадайніцтва аб наданьні прыстанішча.

Нягледзячы на наплыў мігрантаў, на гэты момант не відаць, што лягер перагружаны. Новапрыбылыя жывуць у кантэйнэрах і палатках. А тыя, хто прыехаў раней, — у нядаўна пабудаваных карпусах. Большасьць уцекачоў — мужчыны, аднак на дзіцячай пляцоўцы ў лягеры нямала жанчын, якія гуляюць зь дзецьмі.

Асноўная мэта ўцекачоў— Нямеччына

Паводле дублінскага пагадненьня, уцекачы, якія ўжо былі зарэгістраваныя ў іншай краіне ЭЗ, павінны быць прынятыя ёю назад. На практыцы так адбываецца не заўсёды. Многія мігранты самі ўтойваюць сваю рэгістрацыю ў іншай краіне, каб застацца ў Нямеччыне.

«Яшчэ адной праблемай зьяўляецца тое, што некаторыя краіны, такія як Ірак, Іран, Лібан, адмаўляюцца прымаць уласных грамадзян. Але гэта непрымальна», — дадаў дырэктар лягеру. У той жа час ён адзначае, што лягер у экстраным выпадку ў кароткія тэрміны мог бы прыняць яшчэ некалькі тысяч чалавек.

10 тысяч даляраў за «беларускі маршрут»

Пра свой маршрут празь Беларусь у інтэрвію DW расказаў 17-гадовы ўцякач з Іраку Балан:

«Я прыляцеў самалётам спачатку ў Бэйрут, затым у Менск. У Беларусі мяне давезьлі на машыне да Берасьця. Потым мы перайшлі мяжу з Польшчай. І вось я тут, прыехаў тыдзень таму. Немцы з намі вельмі добра абыходзяцца, але я зьбіраюся дабрацца да Вялікай Брытаніі, дзе знаходзяцца мае мама і брат. Увесь маршрут абышоўся мне ў 10 тысяч даляраў».

Прамое парушэньне Дублінскага пагадненьня — выпадак іншага ўцекача, 36-гадовага Амтоні Сувэя зь Лібэрыі. Хоць ён і не прыехаў у Нямеччыну празь Беларусь, але 10 гадоў пражыў у Польшчы.

«Увесь гэты час польскі ўрад адмаўляўся выдаць мне дакумэнты на знаходжаньне. У Лібэрыі я ваяваў з 12 гадоў падчас рэвалюцыі і, калі зьбег у Эўропу, спадзяваўся пайсьці вучыцца, жыць нармальным жыцьцём. Польшча не дала мне адукацыі, ніякіх дакумэнтаў», — расказвае мужчына.

Амтоні разумее, што паводле закону ня можа застацца ў Нямеччыне, але адмаўляецца прыняць гэта:

«Я ніколі не вярнуся ў Польшчу. Я лепей памру тут на вуліцы, чым вярнуся туды. Я хачу жыць у Нямеччыне, я люблю гэтую краіну, хачу пачаць тут маё жыцьцё наноў». У час размовы Амтоні паказаў карэспандэнту DW стары вялікі шнар на назе, атрыманы ў час вайны.

Многія мігранты, якія знаходзяцца ў лягеры, пацьвердзілі, што прыехалі ў Нямеччыну празь Беларусь, але не змаглі расказаць падрабязнасьці з прычыны цяжкасьцяў перакладу: большасьць ня ведаюць іншых моў, акрамя курдскай.

Мясцовыя жыхары пра новых суседзяў

Пасьля рэгістрацыі і праходжаньня карантыну мігранты бесьперашкодна перамяшчаюцца па горадзе. У Айзэнгютэнштаце жыве крыху менш за 24 тысячы чалавек. Такім чынам, нядаўна прыбылыя мігранты складаюць больш за 10% насельніцтва гораду. Што ж думаюць пра гэта самі жыхары?

Зь некалькіх апытаных мясцовых жыхароў нэгатыўна пра мігрантаў не выказаўся ніхто. Іх абурэньне выклікае хутчэй палітыка Лукашэнкі і часам — міграцыйная палітыка самой Нямеччыны.

«З уцекачамі ў нас няма праблем, мы дапамагаем адзін аднаму. Але з 2015 году ўсе хочуць у Нямеччыну, і ўсё праз фразу „Мы дамо рады“ (знакамітае выказваньне Мэркель, зробленае падчас міграцыйнага крызісу). Тут, на ўсходзе, ніхто яе не забыўся», — кажа мужчына сталага веку. «Але тое, што робіць Лукашэнка, — гэта поўнае сьвінства, дыпляматычна тут і ня скажаш нічога», — дадаў ён.

«Мы павінны дапамагаць людзям. Мае бацькі таксама былі ваеннымі ўцекачамі. Таму я вырашыла дапамагаць мігрантам, я выкладаю ім нямецкую мову. Большасьць людзей хутка і добра вучацца, хоць многія ўвогуле ніколі не вучыліся ў сваіх краінах.... А тое, што робіць Лукашэнка, — з гэтым нельга мірыцца. Жахліва, што людзі там паміраюць», — адзначыла пэнсіянэрка Зыглінда.

Мясцовых складана чым-небудзь зьдзівіць ці напалохаць — у 2015 годзе яны ўжо прайшлі празь міграцыйны крызіс, тады ўцекачоў было ў дзясяткі разоў больш. Жыхары Айзэнгютэнштата лічаць, што нельга вінаваціць людзей у тым, што яны вырашылі скарыстацца сытуацыяй у Беларусі, каб выратаваць свае жыцьці. Але і мірыцца з палітыкай Лукашэнкі, на іх думку, таксама нельга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG