Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады назвалі прозьвішча забітага супрацоўніка КДБ, сёньня яго пахаваюць

абноўлена

Кватэра, дзе адбылася перастрэлка
Кватэра, дзе адбылася перастрэлка

Раней на праўладных рэсурсах падавалі толькі пазыўны забітага («Нірвана») і ягонае імя бяз прозьвішча.

1 кастрычніка ў Менску адбываецца разьвітаньне блізкіх з супрацоўнікам КДБ Дзьмітрыем Федасюком. Афіцэр групы «Альфа» быў застрэлены 28 верасьня праграмістам Андрэем Зельцарам, які знаходзіўся ва ўласнай кватэры і якога, праўдападобна, забілі калегі Федасюка.

Разьвітаньне зь Федасюком праходзіць у клюбе імя Дзяржынскага. Яго пахаваюць на Ўсходніх могілках сталіцы.

Дасюль прозьвішча забітага супрацоўніка КДБ называлі толькі недзяржаўныя крыніцы.

Што зь целам Андрэя Зельцара і калі адбудзецца ягонае пахаваньне, дагэтуль невядома.

Сергеенка: «Кожны атрымае па заслугах. Я не пужаю»

Кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка заявіў на разьвітаньні, што кожны, хто спрабуе «разьвязаць вайну», атрымае па заслугах.

«Я хачу ў гэты цяжкі дзень сказаць, што тыя, хто спрабуе разьвязаць вайну рознымі спосабамі — тэрарыстычнымі, экстрэмісцкімі, — кожнаму будзе дадзена ацэнка.

Кожны атрымае па заслугах. Я не пужаю. Я проста кажу пра тое, што так павінна быць. Подласьць, злачыннасьць павінны быць пакараныя. А сёньня мы смуткуем разам зь сямʼёй, разам з усімі людзьмі», — цытуе Сергеенку БелТА.

Белаконеў: Трэба, як сказаў Пуцін, „мачыць у сарціры“»

Старшыня Сталай камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Алег Белаконеў«Я лічу, мы занадта мякка абыходзімся зь імі і ім падобнымі. Чамусьці яны дзейнічаюць ня ў рамках закону, у той час як мы намагаемся ўсё рабіць паводле закону: паводле закону гутарым, паводле закону ўгаворваем. А трэба інакш, як сказаў Пуцін, „мачыць у сарціры“, за аднаго — дваццаць, сто, каб непанадна было нікому», — цытуе яго «Салідарнасьць».

Тэртэль: Натхняльнікі гэтага перайшлі чырвоную рысу

Старшыня КДБ Іван Тэртэль падчас разьвітаньня назваў Дзьмітрыя Федасюка «адным з найлепшых байцоў» і чалавекам «зь вялікім сэрцам».

«Вось гэтым сваім вялікім сэрцам ён і закрыў сваіх таварышаў. Мы ведаем, што ён першым фактычна зайшоў у гэтую кватэру. У яго няшмат было часу на рэагаваньне. Але ён выбраў тое, што закрыў сваёй сьпінай, сваім сэрцам сваіх сяброў.

Мы, вядома, вельмі смуткуем. Гэта неардынарная падзея для Камітэту дзяржбясьпекі.

Мы ведаем, хто ёсьць натхняльнікам гэтага, і лічым, што яны перайшлі чырвоную рысу», — цытуе Івана Тэртэля БелТА.

Перастрэлка ў кватэры з двума загінулымі. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк
Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG