«Мы бачылі трывожныя паведамленьні пра інцыдэнт са стральбой у Менску 28 верасьня і шкадуем пра гвалт і гібель людзей», — прыводзіцца тэкст яе заявы на старонцы амбасады ЗША ў Facebook.
Джулі Фішэр таксама адрэагавала на ранейшыя паведамленьні ў беларускіх і замежных крыніцах пра тое, што забіты Андрэй Зельцар нібыта быў грамадзянінам ЗША. Дыпмісія запытала дадатковую інфармацыю пра гэты факт, але пакуль што ня можа спраўдзіць падобныя дапушчэньні.
Пры гэтым кіраўніца місіі адзначыла, што ўжываньне гвалту з боку сілавікоў павінна спыніцца.
«Гэты інцыдэнт — яшчэ адзін доказ пагарды рэжыму да правоў чалавека і яго гатоўнасьці выкарыстоўваць экстрэмальныя мэтады для пагрозы меркаваным палітычным апанэнтам — мадэль, якая, на жаль, даўно зрабілася трывалаю ў Беларусі. Злучаныя Штаты асуджаюць такія дзеяньні і ўвесь спэктар палітычна матываваных нападаў на грамадзянскую супольнасьць, сродкі масавай інфармацыі, прыватныя кампаніі», — падсумавала Джулі Фішэр.
Папярэдняя адміністрацыя ЗША яшчэ ў 2020 годзе прызначыла Джулі Фішэр новай кіраўніцай дыпмісіі ў Менску, але да месца яна так і не даехала.
Спачатку ўлады краіны адмовілі ёй у беларускай візе ў якасьці сымэтрычнага адказу на амэрыканскія санкцыі, а затым адклікалі згоду на прызначэньне ў якасьці амбасадаркі.