Пра гэта стала вядома пасьля таго, як суд аштрафаваў кіраўніцу і інспэктарку рэжымна-сакрэтнага сэктару Крывароскага раённага ўпраўленьня паліцыі за парушэньне рэжыму сакрэтнасьці пры наведваньні супрацоўнікаў Сьледчага камітэту Беларусі.
Супрацоўніцы заўчасна не паведамілі ўпраўленьню Службы бясьпекі аб прыбыцьці іншаземцаў і недакладна пазначылі дату іхнай працы ў раённым упраўленьні паліцыі. Прадстаўнікі Сьледчага камітэту Беларусі працавалі ў Крывым Рогу з 27 па 30 красавіка 2021 году. У рапарце ж супрацоўніцы рэжымна-сакрэтнага сэктару адзначылі толькі адзін дзень — 27 красавіка.
У судовым рашэньні не ўдакладняецца сутнасьць крымінальнай справы, з нагоды якой беларускія сьледчыя прыяжджалі ў Крывы Рог. Аднак у ім удакладняецца, што Крывароскае раённае ўпраўленьне дапамагала беларускім сьледчым на падставе ліста Галоўнага сьледчага ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны і адпаведнага запыту Сьледчага камітэту Беларусі.
Свабода пацікавілася ў Крывароскай раённай паліцыі і ў Службы бясьпекі Ўкраіны, што рабілі беларускія сьледчыя ў Крывым Рогу.
«Палітычныя запыты не выконваем»
У Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі, што правядзеньне працэсуальных дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны прадстаўнікамі замежных кампэтэнтных органаў прадугледжана Крымінальным працэсуальным кодэксам Украіны і міжнароднымі пагадненьнямі.
«Калі ёсьць дастатковыя прычыны лічыць, што просьба аб міжнароднай прававой дапамозе накіраваная на перасьлед асобы за палітычныя перакананьні, такога запыту сьледчыя Службы Бясьпекі Ўкраіны не выконваюць», — паведаміў кіраўнік упраўленьня СБУ па ўзаемадзеяньні са сродкамі масавай інфармацыі і грамадзкасьцю Арцём Дзехцярэнка.
У той жа час Арцём Дзехцярэнка зьвярнуў увагу на тое, што ўкраінскае заканадаўства прадугледжвае абмежаваньне на «выдаваньне інфармацыі пра контравыведную, апэратыўна-пошукавую дзейнасьць і дасудовыя расьсьледаваньні».
Адмову ўдакладніць дэталі справы, якой займаліся беларускія сьледчыя ва Ўкраіне, Арцём Дзехцярэнка патлумачыў тым, што такую інфармацыю можна перадаваць толькі на падставе «пісьмовага дазволу сьледчага ці пракурора і ў тым аб’ёме, у якім яны прызнаюць магчымым».
Паліцыя Крывога Рога: «Інфармацыя мае абмежаваны доступ»
У Крывароскім раённым упраўленьні паліцыі паведамілі, што ня маюць прававых падстаў перадаваць інфармацыю, пра якую ішлося ў афіцыйным запыце Радыё Свабода. Кіраўнік упраўленьня Валерый Люты падкрэсьліў, што супрацу Ўкраіны і Беларусі рэглямэнтуе Канвэнцыя аб прававой дапамозе і прававых дачыненьнях у цывільных, сямейных і крымінальных справах ад 22 студзеня 1993 году.
Паводле яго, міжнародная прававая дапамога ажыцьцяўляецца праз упаўнаважаны орган.
«Цэнтральным органам Украіны ў міжнароднай супрацы падчас вядзеньня крымінальнай справы зьяўляецца Офіс генэральнага пракурора», — дадаў Валерый Люты.
Чым вядомы Крывы Рог?
Беларускія ўлады заўсёды называлі гэты ўкраінскі горад сталіцай беларуска-ўкраінскай супрацы. Найперш таму, што менавіта крывароскія мэталюргічныя прадпрыемствы — найбольшыя ва Ўкраіне пакупнікі машынабудаўнічай прадукцыі Беларусі, у прыватнасьці Беларускага аўтамабільнага заводу і Менскага аўтамабільнага заводу.
У гэтым украінскім горадзе працуе пяць горна-абагачальных камбінатаў і адно з найбольшых мэталюргічных прадпрыемстваў «АрселорМіттал Кривий Ріг».
Летась Беларусь прадала Крывому Рогу 54 тралейбусы.
На мясцовых выбарах у 2016 годзе ў мэры гораду балятаваўся экс-камандзір добраахвотніцкага батальёна «Данбас», былы народны дэпутат Сямён Сяменчанка. Сёлета ў траўні Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі зьвярнуўся ў праваахоўныя органы Ўкраіны па правядзеньне ягонага допыту ў справе Мікалая Аўтуховіча.
Цяпер Сямён Сяменчанка арыштаваны паводле падазрэньня ў стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня. Пазьней яму выставілі дадатковае абвінавачаньне ў тэрарызьме па факце збройнага нападу ў ліпені 2019 году на тэлеканал «112» (сёлета Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны ўхваліла рашэньне аб закрыцьці гэтага каналу як прарасейскага. — РС).