Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьняў Паліну Шарэнду-Панасюк і сясьцёр Міронцавых паставілі на ўлік як «схільных да захопу закладнікаў»

абноўлена

Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота
Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота

Берасьцейскую актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк адміністрацыя гомельскай жаночай калёніі паставіла на прафіляктычны ўлік як «асобу, схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяваў».

Пра гэта расказаў яе муж Андрэй Шарэнда выданьню Reform.by.

Ён дадаў, што адміністрацыя калёніі склала на Паліну тры пратаколы, а саму палітзьняволеную да сярэдзіны верасьня трымалі ў штрафным ізалятары.

Маці двух малалетніх сыноў, актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі ў самым пачатку гэтага году. Вырак ёй агучылі 9 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця.

За гвалт і абразу міліцыянтаў, абразу Аляксандра Лукашэнкі і іншых службоўцаў судзьдзя Яўген Брэган пакараў жанчыну 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Яна таксама мусіць выплаціць 4500 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды тром міліцыянтам.

Паліна Шарэнда-Панасюк двойчы адмаўлялася пісаць прашэньне аб памілаваньні.

На такі самы ўлік у гомельскай калёніі паставілі і сясьцёр Анастасію і Вікторыю Міронцавых, паведаміла «Вясна».

У красавіку іх асудзілі за актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак, і гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў МУС. Вікторыю да таго ж — за супраціў сілавіку. Анастасію пакаралі двума гадамі зьняволеньня, а Вікторыю — двума з паловай.

На момант вынясеньня прысуду Анастасіі Міронцавай было 24 гады, Вікторыі — 26.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG