Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе Ціханоўскага заменяць судзьдзю


24 чэрвеня. Пачатак суду ў турме.
24 чэрвеня. Пачатак суду ў турме.

Тры месяцы Гомельскі абласны суд разглядае «справу Ціханоўскага». Працэс ідзе ў закрытым рэжыме ў СІЗА-3. 7 верасьня Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэньні судзьдзі Мікалая Бакунова (які разглядае справу) на пасаду старшыні суду Чыгуначнага раёну Гомля.

Стаяла пытаньне: ці будзе Бакуноў разглядаць справу да прысуду, ці новы судзьдзя пачне разгляд справы з пачатку? «Была такая акалічнасьць у заканадаўстве, што справу можа працягнуць іншы судзьдзя, які сядзеў на працэсе як назіральнік, «дублёрам». Вось мне Мікола напісаў: «Не хвалюйся, „дублёр“ быў адпачатку, прызначэньне на новую пасаду — як узнагарода», — сказала Свабодзе Марына Адамовіч, жонка палітыка Міколы Статкевіча.

Прозьвішча новага судзьдзі пакуль не вядомае.

У лісьце палітвязень узгадаў пра Дзень беларускай вайсковай славы, які ўпершыню адзначаўся пры ўдзеле Міколы Статкевіча 8 верасьня 1992 году. «Ён мяркуе, што Дзень беларускай вайсковай словы варта зрабіць у будучыні і днём прысягі беларускіх афіцэраў — пасьля сканчэньня імі ўстаноў. А дзень беларускага войска лепш сьвяткаваць 27 лістапада — у дзень Слуцкага збройнага чыну», — сказала жонка палітыка.

У лісьце Статкевіч разважае па падзеі ў краіне. У прыватнасьці, ён аналізуе сустрэчу Лукашэнкі з Пуціным 9 верасьня.

«На мінулым тыдні быў, як я зразумеў, тэрміновы продаж „картаў“, ці ўжо „праграмаў“, у Маскве, пакуль тая яшчэ не ўцягнулася ў падзеі ў Цэнтральнай Азіі. Дорага прадаць не атрымалася — абяцаньні крэдыту да канца наступнага году, абяцаньні аб’яднаных, не „адзіных“ рынкаў газу і нафты, апошні — на завяршэньні расейскага падатковага манэўру, калі іхняя нафта будзе па сусьветным кошце. Бяры, хоць заліся. Відавочна, што Масква проста чакае, пакуль спрацуе яе „падатковы манэўр“, заходнія санкцыі, каб рэжым сасьпеў да, як яны кажуць, паглыбленай інтэграцыі. Але цяпер усё гэта рыхтуецца з аглядкай на рэакцыю беларускага грамадзтва, бо летась тут гучна заявіў пра сябе новы палітычны субʼект — беларускі народ», — напісаў Мікола Статкевіч.

Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG