У Роўне, адным з памежных зь Беларусьсю абласных цэнтраў Украіны, зьнішчылі партыю затрыманых сёлета ў чэрвені на беларуска-ўкраінскай мяжы кантрабандных цыгарэт беларускай вытворчасьці.
Як паведамілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны, на адным з ровенскіх прадпрыемстваў у прысутнасьці прадстаўнікоў фіскальных органаў спалілі 15 тысяч пачак нелегальных тытунёвых вырабаў.
За апошні месяц украінскія памежнікі спынілі некалькі спробаў перамяшчэньня кантрабанды беларускага тытуню ва Ўкраіну:
- 23 верасьня на тэрыторыі ўкраінскага пункту пропуску «Новыя Ярылавічы» (Чарнігаўская вобласьць) памежнікі канфіскавалі чарговую партыю цыгарэт зь Беларусі і грузавы аўтамабіль, у якім грамадзянін Украіны спрабаваў перавезьці кантрабанду. Памежнікі ацанілі вартасьць канфіскаванага ў 100 тысяч грыўняў (амаль 4 тысячы даляраў у эквіваленце).
- 20 верасьня ў Валынскай вобласьці затрымалі 2,5 тысячы пачкаў беларускіх цыгарэт.
- 16 верасьня таксама ў Валынскай вобласьці — 7 тысяч пачкаў цыгарэт.
Як паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны, сёлета за паўгода на беларуска-ўкраінскай мяжы папярэдзілі незаконны ўвоз на тэрыторыю Ўкраіны 100 тысяч пачкаў беларускіх цыгарэт.
Паводле дасьледаваньня маркетынгавай кампаніі Kantar (Кіеў), якая ажыцьцяўляе маніторынг нелегальнага гандлю тытунёвымі вырабамі ва Ўкраіне, у 2020 годзе доля беларускага кантрабанднага тытуню на ўкраінскім рынку складала 14%, а ў першай палове 2021-га яна павялічылася да 42%. І гэта прадукцыя Горадзенскай тытунёвай фабрыкі пад маркамі Фэст, NZ і Credo.
У той жа час, згодна з дасьледаваньнем, ва Ўкраіне істотна павялічылася частка кантрафактнай тытунёвай прадукцыі, якая вырабляецца на падпольных фабрыках, і яшчэ больш — цыгарэт, якія не маркуюцца акцызнымі маркамі і прадугледжаныя для крамаў бязмытнага гандлю, так званага Duty Free Only.