Фінскі міністар сказаў, што давёў Макею інфармацыю аб тым, што Фінляндыя гатовая ўзяць удзел ва ўрэгуляваньні беларускага крызісу ў рамках плятформы АБСЭ. Менавіта пляцоўку Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ як інструмэнту дыялёгу паміж уладай Лукашэнкі і грамадзтвам неаднаразова прапаноўваў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай.
Як расказаў Свабодзе дарадца Ціханоўскай Францішак Вячорка, яна ўжо сустракалася зь міністрам Хаавіста ў сакавіку і абмяркоўвала тэму перамоваў.
«Няма альтэрнатывы перамовам»
«Сьвятлана Ціханоўская прапанавала тады, каб Фінляндыя (як варыянты — Швайцарыя і Аўстрыя) сталі мэдыятарамі або арганізатарамі пляцоўкі да перамоваў. Гэтая ж ідэя, наколькі мы ведаем, гучала і падчас сустрэчы міністра Макея і Хаавіста. Але, наколькі нам вядома, безвынікова. Але мы ў любым разе ня трацім надзею і працягваем настойваць на перамовах. Таму што любы сцэнар, незалежна ад таго, як сытуацыя будзе паварочвацца, ён закончыцца ўсё роўна перамовамі і новымі выбарамі. А перад тым вызваленьнем палітвязьняў. Няма альтэрнатывы перамовам», — кажа Вячорка.
Дарадца Ціханоўскай дадаў, што сустрэча ў Нью-Ёрку ня стала для яго сакрэтам. Ён падкрэсьлівае, што яна ні ў якім разе не азначае прызнаньне або легітымізацыю рэжыму Лукашэнкі Захадам.
Паводле яго, акрамя перамоваў і мэдыяцыйнай ролі Фінляндыі, падчас сакавіцкага візыту Ціханоўскай у Хэльсынкі ішла гаворка пра канфэрэнцыю высокага ўзроўню, прысьвечаную Беларусі, якая ўжо ў працэсе падрыхтоўкі. Тады Ціханоўская прапаноўвала Фінляндыі стаць адным зь яе суарганізатараў.
«У Беларусі павінны паважацца правы чалавека, а апазыцыю трэба залучыць да сапраўднага дыялёгу для выхаду з крызісу. Фінляндыя працягне падтрымліваць гэтыя намаганьні, у прыватнасьці ў АБСЭ», — напісаў тады ў Твітэры Хаавіста па выніках сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Хэльсынкі, назваўшы дыскусію «выдатнай».
«Ня можа быць дыялёгу і перамоваў паміж Лукашэнкам і Захадам, гэта нікуды не прывядзе»
Чаму такія ролі прапанавалі Фінляндыі? Вячорка кажа, што гэтая краіна гістарычна паміж рознымі бакамі і мае досьвед у арганізацыі перамоваў. Акрамя таго, у яе добрыя кантакты як з Расеяй, так і з Захадам.
«Мы зацікаўленыя ў тым, каб і за сталом перамоваў, і ў ролі мэдыятараў, былі розныя ўдзельнікі, бо гэта гарантуе выканальнасьць дасягнутых абавязкаў, узятых бакамі падчас перамоваў. І гэта таксама паслужыць дысцыплінарным стымулам для рэжыму. Галоўнае, што падчас усіх размоваў пра перамовы і дыялёг мы нагадваем, што ня можа быць ніякіх перамоваў пра Беларусь без беларусаў. Ня можа быць дыялёгу і перамоваў паміж Лукашэнкам і Захадам, гэта нікуды не прывядзе. Павінны быць перамовы зь беларускім народам у першую чаргу і ўнутры беларускага грамадзтва зь міжнароднай мэдыяцыяй», — дадаў Франак Вячорка.
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай перакананы, што сярод усіх міністраў Эўразьвязу і дэмакратычнага сьвету ёсьць разуменьне і кансэнсус, што Аляксандар Лукашэнка павінен сысьці. «Але ўсе зацікаўленыя ў тым, каб гэты сыход, транзыт улады адбыўся мірна і бяз стратаў для беларускага народу». — мяркуе палітык.
Фінляндыя традыцыйна лічыцца адным з уплывовых мэдыятараў у міжнародных канфліктах. Менавіта ў Хэльсынкі ў 1975 годзе была падпісаная дэклярацыя, на моцы якой узьнікла АБСЭ. У 2008 годзе фінскі дыплямат і былы прэзыдэнт Марці Ахцісаары атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру за ўрэгуляваньне канфліктаў на розных кантынэнтах цягам 30 гадоў.
Кожны год у сярэдзіне лістапада ў Фінляндыі адзначаецца Дзень Ахцісаары. Уменьне вырашаць канфлікты лічыцца ў Фінляндыі адным з найбольш каштоўных навыкаў. Дзеці пачынаюць вучацца гэтаму яшчэ ў сярэдняй школе на спэцыяльных занятках.