Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туркампаніі папракаюць Міністэрства здароўя ў ігнараваньні праблемаў з ПЦР-тэстамі


Аналіз на ПЦР-тэст, ілюстрацыйнае фота
Аналіз на ПЦР-тэст, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства здароўя Беларусі правяло нараду аб праблемных момантах арганізацыі ПЦР-тэставаньня для тых, хто выяжджае за мяжу. У сустрэчы бралі ўдзел турапэратары, прадстаўнікі лябараторый, цэнтры эпідэміялёгіі.

Як паведамляе Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый, пазыцыі ведамства і прадстаўнікоў галіны шмат у якіх момантах не супадалі.

Нараканьне турапэратараў найперш выклікала тэрміновасьць выкананьня тэстаў. Дзяржаўныя клінікі і мэдустановы працуюць паводле зацьверджанага графіку: частка ў суботу, іншыя — у нядзелю. Аднак такі рэжым не ўкладаецца ў часавыя рамкі. Калі вылет турыста ў панядзелак, тэст ён павінен здаць у суботу, а дакумэнт атрымаць у нядзелю.

Пры продажы «гарачых пуцёвак» вынікі наогул патрэбны «дзень у дзень». Гэта магчыма зрабіць толькі ў аэрапорце, але варыянт «жывой чаргі» не заўсёды дапамагае апэратыўна атрымаць дакумэнт. Альтэрнатывай мог бы стаць электронны варыянт — за мяжой не патрабуюць дакумэнт з «мокрай пячаткай», яго глядзяць толькі на стойцы рэгістрацыі «Белавія».

Таксама чуліся нараканьні на недасканалы QR-код у беларускіх дакумэнтах аб ПЦР-тэставаньні. Такі код, у прыватнасьці, патрабуецца для ўезду ў Эгіпет; ня выключана, што аналягічныя патрабаваньні неўзабаве агучаць і іншыя краіны.

На думку турбізнэсу, рашэньне праблемы палягае ў адзіным сэрвісным цэнтры, які каардынаваў бы супрацу турапэратараў зь дзяржустановамі ў пытаньнях арганізацыі і выдачы ПЦР-тэстаў для турыстаў.

Да ўсяго 16 верасьня Міністэрства аховы здароўя прыпыніла правядзеньне ПЦР-тэстаў у некалькіх лябараторыях «да ліквідацыі недахопаў», ад чаго тры прыватныя цэнтры — «Сінэво», «Аква-Мінск», «Гравіта» — спынілі прыём кліентаў. Пры гэтым у ведамстве прызналі, што хацелі б падключыць да зарабляньня грошай дзяржаўныя ўстановы, аднак стварыць сэрвісны цэнтар зь ліку дзейных мэдработнікаў «не зьяўляецца магчымым».

Цяпер каля 80% аналізаў робіцца ў недзяржаўных лябараторыях. Паводле дадзеных Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый, для выезду зь Беларусі штодня ёсьць патрэба прыкладна ў 3 тысячах ПЦР-тэстаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG