Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​Чаго чакаць ад новай пэнсійнай рэформы, якую прапануюць улады


Улады прапануюць пераход на назапашвальную пэнсію і нават гатовыя фінансаваць тых, хто скарыстаецца такой магчымасьцю. Як гэта будзе працаваць?

Што прапануюць улады

Цяпер беларусы адлічваюць 29% заробку ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Усе гэтыя грошы ідуць на салідарную частку, то бок на выплату пэнсій цяперашнім пэнсіянэрам. Ужо цяпер у Фондзе сацыяльнай абароны дэфіцыт, і ён расьце.

Улады прапануюць беларусам дадаткова адлічваць на сваю будучую пэнсію. Па задуме, дадаткова адлічаныя 3% пойдуць не ў салідарную частку, а на пэрсанальны рахунак. Калі чалавек адлічвае больш за 3%, напрыклад 7%, то 3% таксама ідуць на рахунак, плюс дзяржава плаціць яшчэ 4% на рахунак грамадзяніна ўжо зь бюджэту. Пры гэтым, калі чалавек не карыстаецца гэтым мэханізмам, дзяржава ўсё адно плаціць яму пэнсію па старой схеме.

Гэта вынікае з агучанага праекту ад Міністэрства працы.

Паводле старшага навуковага супрацоўніка BEROC Льва Львоўскага, такая сыстэма існуе ў многіх краінах.

«Гэта стандартны мэханізм матывацыі пераходзіць на назапашвальную пэнсію. У многіх краінах ёсьць такая матывацыя: калі вы адкладаеце нешта на пэнсійны рахунак, то і працадаўца нешта адкладае на ваш рахунак. Напэўна, у Беларусі гэтыя грошы таксама ня будуць абкладацца падаткам», — мяркуе Леў Львоўскі.

«Не зразумела, ці ня зьменіць дзяржава правілы гульні»

Да новай пэнсійнай рэформы ў экспэртаў ёсьць шэраг пытаньняў, хоць сама прапанова выглядае някепскай. Пра гэта кажа Леў Львоўскі.

«Самая галоўная праблема — у даверы да гэтай сыстэмы. Ці ня будуць правілы гульні зьмененыя, ці сапраўды грошы пойдуць на рахунак грамадзяніна? Нават у Расеі, дзе не было такога палітычнага крызісу, як у Беларусі, дзе ўводзіліся назапашвальныя рахункі, калі ўраду спатрэбіліся грошы, увялі замарозку назапашвальных пэнсійных рахункаў», — кажа Леў Львоўскі.

То бок, каб рэалізаваць такую рэформу, патрэбны высокі ўзровень даверу да ўраду.

«Калі здарыцца крызіс, грошы могуць патраціць»

Цяпер у Беларусі людзі здымаюць грошы з дэпазытаў, бо турбуюцца за свае ўклады.

«Цяпер у моманце ў Беларусі ёсьць рост ВУП, але патэнцыйна месцаў для рызыкі хапае. Пра нейкія палітычныя гарантыі гаворкі таксама не вядзецца», — кажа Леў Львоўскі.

Пакуль улады ня кажуць, калі праект можа быць рэалізаваны. Таксама не абвяшчаецца, ці будуць нейкія абмеркаваньні з экспэртамі або з шырокай публікай.

«Незразумела, куды і як будуць інвэставаць гэтыя грошы»

Леў Львоўскі зьвяртае ўвагу яшчэ і на тое, куды будуць інвэставаць грошы.

«Грошы, якія адкладаюцца на назапашвальныя рахункі, ня проста недзе захоўваюцца, грошы інвэстуюцца, бо гэта рэсурс для эканомікі. Таксама пачынае працаваць магія адсоткаў. То бок, калі вы адклалі 100 рублёў у 20 гадоў, то ў 60 гадоў — гэта ўжо павінна быць нашмат большая сума, калі яе добра інвэставаць. Нельга сказаць, што наш урад мае пасьпяховы досьвед інвэстыцый», — кажа Леў Львоўскі.

На думку экспэрта, «напрамак рэформы добры, але ёсьць шмат дэталяў, пра якія нічога не вядома».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG