Дата дня
24 верасьня 1969 году нарадзіўся Юры Гумянюк, пісьменьнік, журналіст, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х — пач. ХХІ ст.
Сталася так, што мой тэкст пра Юру Гуменюка пачаў нараджацца ў сьне.
Я пісаў яму ліст. У кожнага з нас пра цябе свае ўспаміны, гаварылася ў ім. Але ўсе мы ведаем, што ты — найперш паэт, і калі твой сябар Анджэй Пачобут сказаў цяпер, што ты — зорка сучаснай беларускай літаратуры, якая выбухнула на пачатку 1990-х, ніхто й ня думаў яму пярэчыць. Але я здагадваўся пра гэта і раней, бо чытаў усё, што ты друкаваў, пачынаючы ад выдадзеных калісьці ўжо даўно ў Полацку «Водару цела» ды «Твару Тутанхамона» і да тваёй гарадзенскай кнігі вершаў «Назаві мяне геніем», якая ў мяне на стале ўсьцешліва пахла друкарняй, але ты ўжо не ўдыхнуў таго цудоўнага паху. Хаця, хто ведае, бо ты — паэт і ў цябе іншая форма душы...
Прачнуўшыся, я перапісаў свой прысьнёны ліст і зразумеў, што галоўнае пра Юрыя Гуменюка ў ім ужо сказанае.
Безумоўна, можна пералічваць ягоныя іншыя кнігі й дзіцячыя п’есы, пастаўленыя Гарадзенскім тэатрам лялек. Можна згадаць дакумэнтальную сагу «Прывід даўніх крэсаў», няскончаны раман «Апосталы нірваны», два тузіны песьняў, напісаных на Юравы вершы беларускімі рок-гуртамі. Калегі-журналісты пакрыўдзяцца, калі я забуду аб шматгадовай працы Гуменюка ў газэце «Пагоня», на радыё «Рацыя» і Беларускай службе Польскага радыё для замежжа.
Ён быў у ліку заснавальнікаў Таварыства вольных літаратараў і сурэдактарам тэвээлаўскага часопісу «Калосьсе». У адным з інтэрвію Юры агучыў асноўную мэту ТВЛ: «Мы нічога не зьбіраемся адмаўляць і разбураць. Наша задача — максымальна рэалізавацца ў дадзеным часе й прасторы».
Цяпер Гумянюк апынуўся сярод герояў раману Алеся Аркуша «Мясцовы час», дзе ажываюць асобы канца васьмідзясятых — пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя.
Пасьля апетых Аркушам часоў надышлі іншыя. Стаўленьне да новай рэчаіснасьці, якой Юра ня мог прыняць, ён сфармуляваў у вядомым вершы-баевіку «Спэрма прэзыдэнта». Гэта быў адказ тым, хто імкнуўся загнаць у сутарэньні андэграўнду тое, чым ён жыў, — літаратуру, мову, на якой яна ствараецца, незалежнае мастацтва.
Яму так і засталося 43. Гэты век, як і 37, лічыцца для творчай асобы небясьпечным. Таямніцу свайго сыходу ён забраў з сабой.
Хадзілі глухія чуткі пра вярбоўку. Шмат каму ў астатнія месяцы ён казаў, што яго хутка заб’юць. Яшчэ раней Юра чамусьці спаліў усе лісты ад сяброў. Пакінуў афарыстычнае выказваньне: «Жыцьцё беларускіх паэтаў шчасьлівае толькі пасьля сьмерці».
І ўсё ж, калі я спрабую ўявіць ягоны палёт зь дзявятага паверху, то думаю менавіта пра палёт, а не пра падзеньне. І чую, чую Юраў голас:
Рассачыцца ў нябеснай сінечы, Як мэтафары ў плыні радкоў...
У руках адна зь ягоных ужо трох пасьмяротных кнігаў — «Краіна нязьдзейсьненых мараў». Так завецца краіна, у якой ён жыў.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 636-637.
У гэты дзень год таму
- Латвія, Літва і Эстонія вырашылі ў найбліжэйшыя дні пашыраць сьпіс пэрсанальных санкцыяў для беларускіх чыноўнікаў, у якім неўязнымі будуць абвешчаны каля 100 чалавек.
- Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, які мусіў прайсьці сёлета ў кастрычніку ў Горадні на ініцыятыву ўкраінскага боку, перанесьлі на наступны год.
- «Мы паважаем выбар, які зрабіў народ Беларусі», — заявіў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Кітаю, камэнтуючы інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі.
- Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль заявіў, што не прызнае Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі і чакае новых выбараў.
Гэты дзень у гісторыі
622 — прарок Мухамэд перасяліўся з Мэкі ў Мэдыну.
768 — Карл Вялікі каранаваны як першы кароль франкаў.
1852 — француз Анры Жыфар зьдзейсьніў першы палёт на дырыжаблі.
У гэты дзень нарадзіліся
1711 — Антоні Эразм Валовіч, дзяржаўны і рэлігійны дзеяч ВКЛ і Польшчы.
1821 — Цыпрыян Каміль Норвід, польскі паэт.
1893 — Паўліна Мядзёлка, беларуская артыстка, пэдагог, мэмуарыстка.
1896 — Фрэнсіс Скот Фіцджэральд, амэрыканскі пісьменьнік.
1902 — Рухала Мусаві Хамэйні, іранскі палітык, аятала, лідэр ісламскай рэвалюцыі 1979 году.
1904 — Мар’ян Пецюкевіч, актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху, першы рэдактар віленскага часопісу «Шлях моладзі».