Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка даў дадатковыя паказаньні ў Акруговай пракуратуры Варшавы ў крымінальнай справе, зьвязанай са злачынствамі беларускіх уладаў.
«Я прадставіў доказы злачынстваў як на тэрыторыі Беларусі, так і ў Польшчы ды іншых краінах, якія робіць беларускі рэжым у дачыненьні да беларусаў і замежных грамадзян. Таксама даў інфармацыю аб пагрозах, публічна зробленых у эфіры «Беларусь-1» з боку намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі, генэрала КДБ Уладзімера Арчакова», — цытуе палітыка ягоны тэлеграм-канал.
У выніку Акруговая пракуратура Польшчы зьмяніла статус Паўла Латушкі ў расьсьледаваньні са сьведкі на пацярпелага.
Упершыню паказаньні на Аляксандра Лукашэнку і ягонае атачэньне былы міністар і дыплямат даў у пракуратуры сёлета ў ліпені. Тады ён адзначыў, што польскі пракурор атрымаў ад яго канкрэтныя факты, прозьвішчы і імёны асобаў, ад якіх былі пагрозы ў яго адрас.
«Усе тыя людзі, якія сёньня зьдзяйсьняюць злачынствы ў нашай краіне, яны, безумоўна, атрымаюць пакараньне, — перакананы Павал Латушка. — Нікому зь іх ня ўдасца пазьбегнуць адказнасьці».
Раней ён падаваў у пракуратуру заяву аб пагрозах яго жыцьцю і здароўю, якія атрымліваў адкрыта і непублічна.