Рашэньне аб стварэньні партыі грамадзкая арганізацыя «Гавары праўду», сустаршынём якой зьяўляецца Дзьмітрыеў, прыняла яшчэ ў 2016 годзе на сваім форуме. Што зьмянілася з таго часу для гэтай ідэі? Дзьмітрыеў кажа, што ў 2020 годзе беларусы сасьпелі, каб быць унутры палітыкі, і зьявіўся запыт на партыі з боку грамадзтва. Ужо сфармаваны аргкамітэт, пачалася падрыхтоўка да ўстаноўчага сходу.
Што за партыя
- Гэта павінна быць ня партыя Андрэя Дзьмітрыева і ня партыя, дзе зьверху ўжо ўсё ўсталявана. Такіх партыяў ужо даволі шмат. Гэта партыя, дзе людзі зьнізу, праз дыскусіі, працу, ствараюць сваю партыю.
Чаму ўлада не зацікаўленая ў новых партыях
- Стварэньне новых партый — не ў інтарэсе Лукашэнкі. Ён хоча быць адзіным прадстаўніком свайго інтарэсу — заставацца на сваёй пасадзе.
- У мяне няма ілюзій наконт рэгістрацыі або нерэгістрацыі. Але я лічу, што вельмі важна дэманстраваць масавасьць, што мы працягваем. Уявіце, што Лукашэнка ў адзін дзень сыходзіць. І колькі часу трэба патраціць на стварэньне партыі, каб удзельнічаць у выбарах? А мы ўжо будзем гатовыя. Гэта нармальна. Мы рыхтуем перамены і рыхтуемся да іх самі.
Які сэнс ствараць партыю цяпер
- Цяпер час думаць ня толькі пра тое, як мы жывем тут і цяпер, але і як мы будзем жыць заўтра. Да гэтага заўтра трэба рыхтаваць грамадзтва. Я ўпэўнены, што як толькі зьмены адбудуцца, а ў іх веру і раблю ўсё магчымае, каб яны адбыліся як мага хутчэй, трэба, каб грамадзтва было падрыхтаванае не згубіць гэтую перамогу.
- Заўтра можа ня быць Лукашэнкі, а сыстэма застанецца, або стане яшчэ больш жорсткай. Бо адразу зьявіцца шмат розных сілаў, якія таксама будуць ствараць партыі, у якіх будуць і магчымасьці, і рэсурсы. І мы ўжо бачылі гэта і ва Ўкраіне, і ў Малдове, і ў Грузіі. Здабываецца перамога аднымі, а пасьля ўсё тое, супраць чаго яны выступалі, вяртаецца вельмі хутка на свае месцы. Таму мы рыхтуем грамадзтва сёньня.
Навошта
- Цяпер час кансалідацыі. Трэба паказваць, што мы працягваем, нягледзячы на велізарны ціск і рэпрэсіі супраць грамадзтва з боку ўлады.
- Партыя дае магчымасьці абʼядноўвацца аднадумцам. Выходзіць на вуліцы — гэта здорава, але гэтага недастаткова. Хваля была і сышла. А нешта павінна заставацца, што працягвае працаваць штодзённа. Любы крок людзей, калі яны гуртуюцца і выказваюць супольную думку публічна, гэта крок, які набліжае перамены.
- Трэба рыхтаваць грамадзтва ўдзельнічаць у палітыцы. І ня толькі ў якасьці людзей, якія выходзяць на вуліцы. Але і ў якасьці будучых палітыкаў.