Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», віцебскім праваабаронцам сталі вядомыя прозьвішчы віцяблян, якіх абвінавачваюць у арганізацыі «экстрэмісцкага фармаваньня». Гэта Марына Праслава, Павал Сокалаў, Кацярына Макарэвіч, Юлія Лабунова, Арцём Латышаў, Ірына Пярцова, Канстанцін Бодэ і Сьвятлана Гуркоўская.
Як паведамляе тэлеграм-канал МУС, мінулым летам затрыманыя стварылі закрытую тэлеграм-групу, у якой абмяркоўвалі «акцыі прамога дзеяньня», плянавалі «шкодзіць маёмасьць, а таксама шкодзіць іміджу дзяржаўных органаў і праваахоўнай сыстэмы». Удакладняецца, што падазраваныя працавалі ва ўстановах адукацыі, гандлю, мэдыцыны, а таксама ў дзяржаўных арганізацыях.
Паведамляецца, што на затрыманых завялі крымінальныя справы за злоснае хуліганства і стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня.