Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 23 верасьня: два прысуды з «хатняй хіміяй» за камэнтары пра міліцыянтаў

абноўлена

Вольга Шукаловіч, якой прысудзілі 1,5 года «хатняй хіміі» за камэнтар пра міліцыянта
Вольга Шукаловіч, якой прысудзілі 1,5 года «хатняй хіміі» за камэнтар пра міліцыянта

Свабода сочыць за асноўнымі падзеямі ў судах Беларусі, дзе выносяць выракі грамадзянам паводле адміністрацыйных і крымінальных артыкулаў за пратэставыя дзеяньні.

«Хатняя хімія» за абразу памерлага міліцыянта

У судзе Фрунзэнскага раёну Менску з трэцяй спробы агучылі прысуд у крымінальнай справе ў дачыненьні Паўла Анісімава, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала судзьдзя Натальля Бугук, бок дзяржабвінавачаньня прадстаўляў Дзьмітры Хаваўка.

3 лютага 2021 году Анісімаў пакінуў у тэлеграм-канале «Эўрарадыё» пад паведамленьнем пра сьмерць намесьніка начальніка штабу УУС па Магілёўскай вобласьці Аляксандра Петрусевіча камэнтар: «Сдохла падла, пусть вечно его жарят черти у Аида».

Анісімаў віны не прызнаў і адмовіўся даваць паказаньні. На сьледзтве ён не разумеў, чаму яму інкрымінуюць дадзены артыкул Крымінальнага кодэксу, калі міліцыянт на той момант ужо не выконваў ніякіх службовых абавязкаў, паколькі памёр. Аднак судзьдзя Бугук прысудзіла мужчыну 2 гады «хатняй хіміі» і пастанавіла заплаціць сыну памерлага міліцыянта «маральную кампэнсацыю» ў памеры 1000 рублёў.

1,5 года «хатняй хіміі» за камэнтар пра міліцыянта

Суд Мазырскага раёну 22 верасьня вынес прысуд у справе за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 Крымінальнага кодэксу), паведамляюць Naviny.Online. Вінаватай прызналі былую супрацоўніцу Дэпартамэнта аховы МУС Вольгу Шукаловіч.

Судзьдзя Валянціна Новікава асудзіла жанчыну на 1,5 года «хатняй хіміі» за камэнтар у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» пад інфармацыяй аб участковым з Бабруйску: «Праз такіх казлоў мянтоў ня любяць».

Міліцыянт палічыў камэнтар абразьлівым. На судзе ён праходзіў пацярпелым, запатрабаваўшы 1000 рублёў «маральнай кампэнсацыі». Суд пастанавіў, што Шукаловіч павінна выплаціць заяўленую суму, а яе мабільны тэлефон як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства» канфіскавалі.

Суд над музыкам аб замене меры пакараньня перанесьлі

Проста ў будынку папраўчай установы («хіміі») у Віцебску пачаўся працэс аб замене пакараньня палітвязьню Ігару Банцэру. Зьняволены за танец у майтках у 2020 годзе музыка можа адправіцца замест «хіміі» ў калёнію, бо кіраўніцтва віцебскай установы паскардзілася на 6 парушэньняў рэжыму зь ягонага боку, піша «Вясна».

На пачатку паседжаньня Банцэр запатрабаваў адваката, таму разгляд адклалі. Новае паседжаньне адбудзецца 29 верасьня.

84 дні за кратамі: мужа і жонку шосты раз асудзілі за «экстрэмізм» у прыватнай перапісцы

23 верасьня ў Менску ў шосты раз асудзілі 26-гадовую Анастасію Крупеніч-Кандрацьеву і 26-гадовага Сяргея Крупеніча па ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць»). Мінулыя «суткі» ў іх сканчваюцца толькі ў суботу, 25 верасьня, але на Анастасію і Сяргея ў Ленінскім РУУС у чарговы раз склалі новыя пратаколы, піша «Вясна назірае».

Гэтым разам пратаколы на мужа і жонку склалі за перасыл адзін аднаму паведамленьняў 18 чэрвеня, з розных «экстрэмісцкіх» каналаў. На судзе Анастасія сказала, што наогул ня ведала аб тым, што гэты канал прызнаны «экстрэмісцкім» і што нельга такое дасылаць у прыватных паведамленьнях мужу. У выніку судзьдзя Ленінскага раёну Тацяна Шоцік прысудзіла ёй 13 дзён адміністрацыйнага арышту. Сяргей паабяцаў судзьдзі ніколі больш не чытаць Тэлеграм-каналы, але тая таксама пакарала мужчыну 13 суткамі арышту.

Анастасію і Сяргея першы раз затрымалі ў сярэдзіне ліпеня. З таго часу іх асудзілі агулам на 84 дзён арышту кожнага за перасыланьне ў прыватных паведамленьнях адзін адному інфармацыі з «экстрэмісцкіх каналаў». Пасьля затрыманьня сям’і на адным з праўладных Тэлеграм-каналаў зьявілася пакаяльнае відэа з Анастасіяй. Прапагандыст Рыгор Азаронак сьцьвярджаў, што яна даслала ў экстрэмісцкі канал асабістыя дадзеныя дзяцей супрацоўнікаў міліцыі.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG