Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што гаварылі на слуханьнях аб Беларусі ў Хэльсынскай камісіі ЗША. ВІДЭА


Сэнатар Бэн Кардын, старшыня Хэльсынскай камісіі Кангрэсу ЗША
Сэнатар Бэн Кардын, старшыня Хэльсынскай камісіі Кангрэсу ЗША

У Хэльсынскай камісіі Кангрэсу ЗША адбыліся слуханьні «Дамагаючыся справядлівасьці і свабоды ў Беларусі». На слуханьнях абмяркоўвалі цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі, у тым ліку сытуацыю са СМІ, пакуты палітычных вязьняў, міжнародныя юрыдычныя наступствы гвалту з боку рэжыму Лукашэнкі і магчымасьці для дзеяньняў у адказ з боку ЗША.

Відэатрансьляцыя слуханьняў:

У слуханьнях бралі ўдзел як сьведкі:

  • Сяргей Зікрацкі, прадстаўнік офісу Сьвятланы Ціханоўскай у юрыдычных пытаньнях;
  • Дэйвід Крэймэр, дасьледчык Міжнароднага ўнівэрсытэту Флорыды і былы памочнік дзяржсакратара ЗША ў адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага;
  • Серж Харытонаў, мэдыяэкспэрт і сябра сеткі экспэртаў iSANS;
  • Тацяна Хоміч, прадстаўніца Каардынацыйнай рады ў пытаньнях палітвязьняў, каардынатарка каманды Віктара Бабарыкі, сястра палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай.

Што казалі ўдзельнікі слуханьняў у сваіх прамовах

Серж Харытонаў:

  • Так званыя «дзяржаўныя СМІ» ў Беларусі належаць асабіста Лукашэнку.
  • Ад 2020 году інфармацыйная бясьпека Беларусі была здадзеная Расеі ў абмен на падтрымку Лукашэнкі Пуціным.
  • Дзяржаўныя СМІ Беларусі цяпер прапагандуюць ідэі так званага «русского мира». Іх ролю ў пашырэньні «мовы нянавісьці» можна параўна​ць з мэдыя ў Руандзе напярэдадні генацыду і ў Югаславіі напярэдадні грамадзянскай вайны.
  • Дзяржаўныя СМІ заклікаюць да гвалту і рэпрэсій, у тым ліку супраць нацыянальных меншасьцяў.

Тацяна Хоміч:

  • Цяпер у Беларусі 673 афіцыйна прызнаныя палітычныя вязьні, але агулам пачалі больш за 4600 палітычна матываваных крымінальных справаў, а гэта значыць, што папраўдзе палітвязьняў нашмат больш.
  • Палітвязьняў трымаюць у жахлівых умовах, яны не атрымліваюць патрэбнай мэдычнай дапамогі.
  • У Беларусі за кратамі 28 журналістаў, а 46 прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасьці альбо асуджаныя, альбо пад крымінальнымі справамі.
  • Цяперашні крызіс можа прывесьці да поўнага зьнішчэньня грамадзянскіх правоў беларусаў.

Дэйвід Крэймэр:

  • Падзеі ў Беларусі могуць перакінуцца да суседзяў — у тым ліку да Латвіі, Літвы і Польшчы, якія зьяўляюцца чальцамі NATO. Рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае міграцыйны крызіс як зброю.
  • Беларусь — гэта тэст для краінаў Захаду і дэмакратычнага сьвету.
  • Трэба цэліць у так званыя «грашовыя мяхі» Лукашэнкі — бізнэсоўцаў, якія яго падтрымліваюць, у тым ліку ў Расеі і краінах Пэрсыдзкай затокі.
  • Варта было заблякаваць спэцыяльныя правы запазычваньня ад МВФ Беларусі на амаль мільярд даляраў. Ганебна, што гэтага не адбылося.
  • З Лукашэнкам ва ўладзе Беларусь ня будзе мець ніякіх шанцаў на лепшую будучыню.
  • Трэба падтрымліваць тых, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі.

Сяргей Зікрацкі:

  • У Беларусі некалькі тысячаў выпадкаў палітычна матываванага крымінальнага перасьледу.
  • У першыя тры дні пасьля выбараў затрымалі звыш 7 тысяч чалавек. Большасьць зь іх катавалі.
  • Было больш за 5 тысяч скаргаў на ўжываньне сілы прадстаўнікамі ўладаў, але паводле гэтых скаргаў не пачалі ніводнай крымінальнай справы.
  • Зьмены ў законе аб адвакацкай дзейнасьці цалкам зьнішчылі незалежнасьць адвакатуры.
  • Міжнародная супольнасьць мела б зрабіць тры крокі:
  1. Непрызнаньне Лукашэнкі.
  2. Выкарыстаньне міжнародных юрыдычных мэханізмаў змаганьня з катаваньнямі, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.
  3. Крымінальныя справы супраць такіх людзей паводле прынцыпу міжнароднай юрысдыкцыі.

Пра сытуацыю з Раманам Пратасевічам

Серж Харытонаў:

  • Улады выкарыстоўваюць яго, каб паказаць, што ўмовы для палітзьняволеных не такія ўжо кепскія. Гэты падыход уладаў выкліканы тым, што да ягонай справы была прыцягнутая найбольшая міжнародная ўвага пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair.
  • Трэба разглядаць ягоныя заявы як заявы закладніка.

Пра беларускую дыяспару ў сьвеце

Тацяна Хоміч:

  • Цяпер больш за мільён беларусаў жыва за мяжой.
  • Дысяпары інфармавалі палітыкаў у сваіх краінах пра падзеі ў Беларусі і зьбралі грошы на дапамогу палітвязьням.

Пра міграцыйны крызіс

Дэйвід Крэймэр:

  • Лукашэнка з расейскай падтрымкай выкарыстоўвае мігрантаў як зброю супраць Эўразьвязу. Ён разглядае гэта як помсту такім суседзям як Літва і Польшча.
  • Фактычна Лукашэнка вядзе гібрыдную вайну супраць суседзяў.

Камісія Кангрэсу ЗША ў справах АБСЭ (Хэльсынская камісія) была створана ў 1976 годзе ў складзе дзевяці сэнатараў, дзевяці кангрэсмэнаў і прадстаўнікоў Дзярждэпартаманту, міністэрстваў абароны і гандлю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG