20 верасьня суд Заводзкага раёну Менску асудзіў грамадзяніна Ўкраіны Міхайлу Феранца на тры гады пазбаўленьня волі за нібыта ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці.
«Сапраўдных доказаў віны грамадзяніна Ўкраіны ў судзе не паказалі. Сваю віну Міхайла Феранец не прызнаў і праз адваката плянуе падаваць апэляцыю. Лічым справу Міхайлы Феранца палітычна матываванай, а вырак несправядлівым і супрацьпраўным. Бяздоказнае абвінавачаньне і неправавое асуджэньне грамадзяніна Ўкраіны зьяўляюцца чарговымі праявамі антыўкраінскіх дзеяньняў Менску», — адзначаецца ў заяве МЗС Украіны.
У зьнешнепалітычным ведамстве Ўкраіны асобна зьвярнулі ўвагу на тое, што суд не залічыў сем месяцаў знаходжаньня ўкраінца ў сьледчым ізалятары ў агульны тэрмін пакараньня.
«Справа Міхайлы Феранца — чарговы прыклад беларускага „правасудзьдзя“, у выніку якога за кратамі апынуліся дзясяткі і сотні мясцовых журналістаў і праваабаронцаў, грамадзкіх актывістаў, праграмістаў, студэнтаў і звычайных грамадзян Беларусі. Патрабуем тэрмінова вызваліць грамадзяніна Ўкраіны Міхайлу Феранца. Працягнем абараняць ягоныя інтарэсы ўсімі даступнымі сродкамі», — адзначаецца ў заяве МЗС Украіны.
Адначасова Кіеў заклікаў уладу ў Беларусі спыніць рэпрэсіі супраць грамадзян, вярнуцца на шлях дэмакратычнага разьвіцьця, вызваліць усіх палітычных вязьняў і пачаць інклюзіўны дыялёг з усімі прадстаўнікамі беларускага грамадзтва.«Украіна пасьлядоўна падтрымлівае незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі, а таксама памкненьні беларускага народу жыць у свабоднай, дэмакратычнай, эўрапейскай дзяржаве, у якой улічваецца голас кожнага грамадзяніна», — заявілі ў МЗС Украіны.