Ператрус дома ў музыкі Зьмітра Шыманскага
Сілавікі прыйшлі зь ператрусам да дудара Зьмітра Шыманскага. Пра гэта стала вядома Беларускай радзе культуры.
Самога дудара схапілі яшчэ 2 жніўня разам зь іншымі музыкамі падчас сьвяткаваньня дня нараджэньня ўдзельніцы гурту Irdorath Надзеі Калач.
Чатырох затрыманых затым аштрафавалі на сумы ад 870 да 1160 рублёў, іншых пакінулі за кратамі паводле крымінальнага артыкулу.
Прэс-служба МУС пазьней паведаміла, што спэцапэрацыя з удзелам узброеных байцоў атрабу хуткага рэагаваньня была арганізаваная ў сувязі з удзелам музыкаў у акцыях пратэсту 2020 году. Маўляў, «група дудароў неаднаразова ўзначальвала калёну пратэстоўцаў, чым залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсьце грамадзян».
Зьміцер Шыманскі прызнаны палітычным вязьнем.
Вырак экалягічнаму актывісту ў Берасьці
21 верасьня суд Ленінскага раёну Берасьця агучыў вырак праціўніку акумулятарнага заводу Дзьмітрыю Андрасюку. Яго судзілі паводле крымінальнага артыкулу 402 (адмова або ўхіленьне ад дачы паказаньняў).
Як паведамляе «Вясна», Дзьмітрыя Андрасюка пакаралі 3 месяцамі арышту, учора такі тэрмін запрасіў пракурор. Вырак вынес судзьдзя Аляксандар Семянчук.
Фігурант у чаканьні арышту прыйшоў на прысуд падрыхтаваны — з торбай рэчаў, якія спатрэбяцца за кратамі. Раней яго ўжо каралі адміністрацыйным арыштам за пікетаваньне акумулятарнага заводу.
Дзьмітры Андрасюк праходзіў сьведкам у справе берасьцейскіх палітвязьняў, блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, якіх у красавіку гэтага году асудзілі на тры гады калёніі агульнага рэжыму.
Учора, 20 верасьня перад судовым паседжаньнем Андрасюк расказаў праваабаронцам, што крымінальную справу на яго завялі за адмову адказваць на пытаньні судзьдзі, які разглядаў справу Пятрухіна і Кабанава, бо ён не паказаў службовае пасьведчаньне судзьдзі.
«Я ня меў намеру адмаўляцца і не адмаўляўся ад дачы паказаньняў. Саша [Кабанаў] і Сяргей [Пятрухін] тут ні пры чым — так здарылася, што мой першы ўдзел у крымінальным працэсе супаў зь іх крымінальнай справай.
Для мяне гэта прынцыповае пытаньне. Я не абавязаны ні верыць, ні здагадвацца, ні разумець, ні фантазіяваць, хто перада мной стаіць — я хачу ведаць дакладна, хто да мяне зьвяртаецца. У любой сытуацыі», — зазначыў экаактывіст.
Дзьмітрыя Андрасюка абвінавацілі ў адмове даваць паказаньні ў крымінальнай справе (арт. 402 КК, «адмова альбо ўхіленьне сьведкі або пацярпелага ад дачы паказаньняў»). Санкцыя прадугледжвае штраф, папраўчыя работы тэрмінам да 2 гадоў альбо арышт.
14 красавіка Кастрычніцкі суд Магілёва абвінаваціў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу) ды зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў (артыкул 369 КК). Сяргея Пятрухіна асудзілі яшчэ за абразу судзьдзі Берасьцейскага абласнога суду Андрэя Лешчанкі (артыкул 391 КК).
Судзьдзя Вольга Краўчанка пакарала мужчын 3 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Віны блогеры не прызналі. Рашэньнем суду кожнага з падсудных таксама абавязалі выплаціць па 750 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды супрацоўніку магілёўскага АМАП Віталю Аўтушэнку, якога зьняважыла публікацыя блогераў у сацыяльных сетках.
Сяргей Пятрухін адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 3 пад Віцебскам, Аляксандр Кабанаў — у ПК № 1 у Наваполацку.
Ператрус у актывісткі незалежнага прафсаюзу
У Наваполацку праходзіць ператрус у кватэры старшыні арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу «Нафтану» Вольгі Брыцікавай. Пра гэта паведамляе «Рабочы рух». Праўдападобна, ператрус ладзіў КДБ, у выніку забралі тэхніку. Ператрус трываў каля 4 гадзін, у Брыцікавай пыталіся пра відэа, ці ўдзельнічала яна ў запісах з заклікамі да страйку.
Колькасьць работнікаў прадпрыемства ў незалежным прафсаюзе за апошні час зьнізілася на 70% праз пастаянны ціск сілавікоў.
Пасьля ператрус пачалі ў офісе Беларускага незалежнага прафсаюзу «Нафтану» і ў аддзеле маркетынгу на прадпрыемстве, затрымалі аднаго супрацоўніка.
Трэцяга сьнежня мінулага году Брыцікаву звольнілі з пасады начальніка аддзелу рэалізацыі нафтапрадуктаў. Перад гэтым яе пазбавілі доступу да дзяржаўнай тайны.
Да гэтага ў верасьні 2020 году Вольга расказвала, што ўпершыню за 16 гадоў працы атрымала дысцыплінарнае спагнаньне ў выглядзе вымовы і пазбаўленьня прэміі за прагул 20 жніўня, калі яна разам з калегам падлічвала подпісы работнікаў за страйк.
У студзені сёлета Вольга Брыцікава ўзначаліла арганізацыю Беларускага незалежнага прафсаюзу на «Нафтане».
А 15-й гадзіне стала вядома, што старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза «Нафтану» Вольга Брыцікава, у якой на кватэры сёньня раніцай адбыўся ператрус, на волі.
Ператрус скончыўся, ён працягваўся каля 4 гадзінаў. Сама Брыцікава не можа распавядаць падрабязнасьці, бо знаходзіцца пад падпіскаю аб неразгалошваньні.
Затрыманьні ў Віцебску
20 верасьня ў Віцебску затрымалі мінімум восем чалавек. Сярод затрыманых Канстанцін Бадэ, Дзьмітры Карнеенка ды іншыя.
Вядома, што некаторыя з затрыманых раней прыцягваліся да адказнасьці паводле адміністрацыйнага артыкулу 24.23 КаАП, паведамляе «Вясна».
Вырак за ўдзел у пратэстах у Менску
Суд Заводзкага раёну 21 верасьня вынес прысуд у крымінальнай справе ў дачыненьні да палітвязьня Артура Хацько, якога вінавацяць у арганізацыі або актыўным удзеле у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК РБ), паведамляе «Вясна».
Судзьдзя Анжэла Касцюкевіч вынесла прысуд — два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Тэлефон канфіскавалі на карысць дзяржавы, а аўтамабіль пакінулі пад арыштам да пагашэньня пазову «Менсктрансу» ў памеры 237 099 руб. 99 кап.
На першым судовым пасяджэньні, якое адбылося 17 верасьня, былі абвешчаныя матэрыялы судовага сьледзтва, зь якіх вынікае, што абвінавачаны з 31 жніўня 2020 году па 31 красавіка 2021 году разьмяшчаў у чатах «Водители 97», «Военный городок Уручье» допісы з прапановамі блякаваньня руху транспарту, арганізацыі масавых акцый пратэсту.
Яго затрымалі 10 чэрвеня 2021 году. Беларускай праваабарончай супольнасьцю Артура Хацько прызналі палітычным зьняволеным.
Агромністыя штрафы за малюнкі нацыянальнага сьцягу на сьценах
У Менску вынесьлі прысуд у крымінальнай справе ў дачыненьні Аляксандра Фурса і Натальлі Шэпель, якіх вінавацілі ў апаганьваньні збудаваньняў і псаваньні маёмасьці (арт. 341 КК). Іх затрымалі ўвечары 29 красавіка, калі да сілавікоў зьвярнулася грамадзянка Яўгенія Несьцяровіч, паведаміўшы, што невядомыя людзі малююць бел-чырвона-белыя сьцягі на збудаваньнях па вуліцы Багдановіча.
Пры гэтым на судзе сьведка блыталася ў паказаньнях і ўрэшце прызналася, што ў той вечар ня бачыла твараў тых людзей, на якіх выклікала міліцыю.
На судзе Аляксандар Фурс віну прызнаў цалкам, сьцьвярджаў, што наносіў малюнкі толькі ён. Натальля Шэпель віны не прызнала, ад дачы паказаньняў адмовілася. Вырак вынес судзьдзя Аляксандар Воўк — па 4350 рублёў штрафу кожнаму.