Пачаты працэс вяртаньня расейскіх войскаў і тэхнікі зь Беларусі пасьля стратэгічных вучэньняў «Захад-2021», паведамілі ў Мінабароны Расеі:
«Войскі Заходняй вайсковай акругі, ПДВ і авіяцыя ВКС Расеі, задзейнічаныя ў правядзеньні сумеснага стратэгічнага вучэньня «Захад-2021» на палігонах «Обуз-Лясноўскі» і «Берасьцейскі» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прыступілі да вяртаньня ў пункты пастаяннай дыслякацыі ў Расейскай Фэдэрацыі», – гаворыцца ў паведамленьні.
Учора на палігоне «Муліна» Ніжагародзкай вобласьці адбылася цырымонія закрыцьця сумеснага стратэгічнага вучэньня Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь «Захад-2021», паведаміла расейскае вайсковае ведамства. Закрыцьцё вучэньняў у Беларусі заплянавалі на 17 верасьня.
Намесьнік міністра абароны Расеі Мікалай Панкоў заявіў, што вучэньне мела «абарончы характар і накіравана на навучаньне войскаў вядзеньню ваенных дзеяньняў у сучасных умовах і павышэньне апэратыўнай сумяшчальнасьці органаў вайсковага кіраваньня ўзброеных сілаў саюзьнікаў і дружалюбных дзяржаў».
Ад пачатку пазначалася, што вучэньне будзе праходзіць 10-16 верасьня. Усяго ў Беларусі і Расеі было задзейнічана каля 200 тысяч чалавек.
Раней начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны генэрал-маёр Алег Воінаў расказаў пра «ваенныя пагрозы», на фоне якіх Беларусь імкнецца да зьніжэньня канфліктнага патэнцыялу і ўмацаваньня бясьпекі.
«Адрозна ад нашых заходніх партнэраў, Беларусь можа канстатаваць адсутнасьць замежных базаў з вайсковай тэхнікай, за выключэньнем радыёстанцыі і вузла сувязі расейскіх установаў, якія не зьяўляюцца вайсковымі базамі. А вось некаторыя суседнія краіны стала нарошчваюць кантынгенты на мяжы зь Беларусьсю з ужо зафіксаванай дысьлякацыяй звыш 8,5 тысячы вайскоўцаў NATO і вялікай колькасьцю тэхнікі», — заявіў прадстаўнік абароннага ведамства Беларусі.
Паводле генэрала, кожная дзяржава мае права праводзіць апэратыўную і баявую падрыхтоўку войскаў, аднак характар і інтэнсіўнасьць таго, што адбываецца на вонкавых межах Беларусі, выклікае «заканамерную заклапочанасьць».
У Беларусі ў манэўрах бралі ўдзел 12 800 чалавек, у тым ліку 2500 расейскіх вайскоўцаў, а таксама
- больш за 30 самалётаў і верталётаў,
- каля 140 танкаў,
- да 110 гарматаў, рэактыўных сыстэмаў залпавага агню і мінамётаў.
Паводле задумы вучэньняў, умоўная дзяржава «Палярная рэспубліка» рабіла спробы сілавога ціску на «Цэнтральную фэдэрацыю». Эскаляцыя напружанасьці перарасла ў збройны канфлікт. Фэдэрацыя абаранялася, лякалізавала канфлікт і перамагла праціўніка.
Беларускія ўлады адсправаздачыліся, што запрасілі замежных назіральнікаў з шэрагу дзяржаў і асобных міжнародных інстытуцый:
- Літва і іншыя краіны
- Цэнтар прадухіленьня канфліктаў АБСЭ
- ААН
- Чырвоны Крыж.
Раней генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што сапраўдная колькасьць войскаў на вучэньнях «Захад-2021» значна перавышае заяўленую.