Чальцы ваеннага блёку, які ўзначальвае Расея і у які ўваходзяць суседзкія альбо блізкія да Афганістану краіны, не плянуюць прымаць у сябе афганскіх уцекачоў, заявіў у чацьвер Казахстан.
У Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) уваходзяць тры краіны Цэнтральнай Азіі — Таджыкістан, Кіргізстан і Казахстан, а таксама некалькі больш аддаленых былых савецкіх рэспублік, у тым ліку Беларусь.
На сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў блёку ў Таджыкістане ў чацьвер прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў «падтрымаў агульную пазыцыю АДКБ аб непрымальнасьці разьмяшчэньня афганскіх уцекачоў і замежных вайсковых базаў на тэрыторыі» краінаў блёку.
Яшчэ дзьве дзяржавы Цэнтральнай Азіі, Узбэкістан і Туркмэністан, мяжуюць з Афганістанам, але не зьяўляюцца чальцамі АДКБ.
Узбэкістан заявіў, што дазволіць толькі кароткатэрміновы транзыт уцекачоў на самалётах у трэція краіны.
- Пра пазыцыю Беларусі да прыёму ўцекачоў з Афганістану пакуль невядома. Беларусь далучылася да АДКБ у 1993-м (ініцыятарам выступіў тагачасны дэпутат Аляксандар Лукашэнка).