Сваю заяву Крыстафэр Сьміт зрабіў пасьля сустрэчы ў Маскве Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі і на фоне сумесных беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў.
Пра заяву кангрэсмэна Сьміта перадае «Голас Амэрыкі».
«Гэтае збліжэньне нясе пагрозу для суседніх краінаў і Эўразьвязу ў цэлым, — перакананы кангрэсмэн. — А цяперашнія вайсковыя вучэньні, якія праводзяцца раз на чатыры гады, — яшчэ адно сьведчаньне саступак, на якія ідзе Лукашэнка ў дачыненьні Пуціна. І я лічу, што Злучаныя Штаты мусяць больш жорстка рэагаваць на гэта. Мы памятаем, што ў жніўні былі ўведзеныя чарговыя санкцыі нашым Міністэрствам фінансаў, а таксама яшчэ адзін указ прэзыдэнта Байдэна. Але, думаю, цяпер, асабліва калі Лукашэнка гэтак шчыльна зьвязвае сябе з Пуціным у „саюзнай дзяржаве“, забарона для яго падарожнічаць у ЗША альбо мець з намі гандлёвыя адносіны робіцца неэфэктыўнай і слабой. Я думаю, што Белы дом і дзяржсакратар Блінкен мусяць больш канкрэтна выказвацца на гэтую тэму, а не публікаваць заявы, якія практычна ніхто не чытае. Афганістан не павінен закрываць іншыя неадкладныя праблемы, якія стаяць перад намі. Эўразьвяз ужо рэагуе, асабліва ў сувязі з прысудам Марыі Калесьнікавай і наданьнем прытулку грамадзянам Беларусі. Я думаю, што гэтае збліжэньне патрэбна ім абодвум — і Пуціну, і Лукашэнку. Лукашэнку гэта патрэбна для выжываньня — ён такога нарабіў, што павінен быць ужо цяпер у Гаазе за злачынствы супраць чалавечнасьці. Тым ня менш ён працягвае кіраваць, больш дакладна, не спраўляцца зь кіраваньнем у сваёй краіне. А Пуціну патрэбна больш працяглая мяжа з заходняга боку, якая дае дадатковыя магчымасьці для пагрозаў Літве, Польшчы і іншым суседнім краінам альбо тым, якія знаходзяцца недалёка. І гэта выклікае сур’ёзную трывогу».
- Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт — адзін з аўтараў з аўтараў Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, прыняты Кангрэсам ЗША. Цягам гадоў ён займае жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі і падтрымлівае беларускую апазыцыю. Адзін з ініцыятараў стварэньня кокусу «Сябры Беларусі» — міжпартыйнай групы Палаты прадстаўнікоў ЗША, мэтай якой зьяўляецца прасоўваньне ў Беларусі дэмакратычных рэформаў (кокусамі ў ЗША называюць аб’яднаньні палітыкаў у тых або іншых формах. У жніўні кангрэсмэн Сьміт выступіў з заклікам не даваць Лукашэнку сродкаў МВФ.