Міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі пракамэнтаваў у Twitter затрыманьне ў Польшчы беларуса Макара Малахоўскага, які зьехаў у Польшчу ад перасьледу беларускімі ўладамі з палітычных матываў.
«Учорашняе затрыманьне грамадзяніна Беларусі ў Пясэчне — гэта вынік чарговай спробы палітычнага выкарыстаньня так званай „чырвонай ноты Інтэрполу“. Гэтым разам празь беларускі рэжым. Яшчэ ў ліпені я зьвярнуўся да ўладаў Інтэрполу, кажучы пра патрэбу зьменаў у гэтай сфэры», — напісаў Марыюш Каміньскі.
Польская паліцыя затрымала Макара Малахоўскага на 48 гадзін увечары 12 верасьня ў кватэры пад Варшавай, дзе ён жыў. Увосень мінулага году ён зьехаў у Польшчу ад перасьледу з боку беларускіх уладаў. Выявілася, што прычына затрыманьня ў тым, што Малахоўскі значыўся ў сьпісах Інтэрполу.
Як паведамляла «Наша Ніва», у Беларусі на яго завялі крымінальную справу нібыта за наезд на супрацоўніка ДПС, які адбыўся 13 жніўня 2020 году (арт. 364 КК, гвалт або пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).