У савецкіх падручніках ня згадвалася пра тое, што беларусы на кагосьці нападалі, бо тыя падручнікі не былі падручнікамі дзяржавы, якая зьяўляецца суб’ектам уласнай гісторыі, кажа Краўцэвіч. Гэта былі каляніяльныя падручнікі, напісаныя ў Маскве. Яны мелі на мэце даказаць, што беларусы — частка Расеі або прынамсі імкнуліся ўсю сваю гісторыю далучыцца да Расеі. На самой жа справе, кажа гісторык, усё было ня так.
«Кожны народ меў у гісторыі пэрыяд моцнай дзяржаўнасьці, якім яны цяпер
ганарацца. Італьянцы ганарацца Рымскай імпэрыяй, галяндцы тым, што ў першай палове XVII ст. Галяндыя была цэнтрам гаспадарчага сьвету, ці Францыя пэрыяду Напалеона. Усе маюць пэрыяд, калі яны дамінавалі на большай ці меншай прасторы. Іншыя народы, якія зь цяжкасьцю могуць знайсьці такія адназначна вялікія дзяржавы ў мінулым, спрабуюць іх прыдумляць», — расказвае Алесь Краўцэвіч.
Беларусам прыдумляць нічога ня трэба, бо яны аднаўляюць сваю гісторыю, перакананы гісторык. А ў ёй былі такія пэрыяды, калі дзяржава беларусаў дамінавала ў пэўнай прасторы, найперш ва Ўсходняй Эўропе. А дамагчыся гэтага без нападаў на іншых было немагчыма.
«Усяслаў Чарадзей напаў, зьняў званы, абрабаваў, спаліў, каб задушыць канкурэнта»
«Калі браць такія выпадкі, калі беларусы паводзілі сябе як імпэрцы, агрэсіўна, то гэта датычыць пэрыяду ня толькі ВКЛ, а яшчэ раней, Полацкага княства. Найбольш гэта зьвязана з асобай Усяслава Чарадзея, які змагаўся за як мага большы кантроль над шляхам „з варагаў у грэкі“. З гэтай мэтай ён напаў на Вялікі Ноўгарад, зьняў званы, абрабаваў, спаліў, каб задушыць канкурэнта на гэтым шляху. І з гэтай мэтай ён часта ваяваў з кіеўскімі князямі, не заўсёды бараніўся, часта атакаваў. Гэта вельмі яскрава апісаныя кіеўскімі і наўгародзкімі летапісамі эпізоды».
У гісторыі ВКЛ адзін з самых вядомых эпізодаў агрэсіі адбыўся за два гады да сьмерці першага вялікага князя Міндоўга з дружынай. У ёй былі і беларусы, і літоўцы. Міндоўг атакаваў горад Уяздаў, гэта цяперашняя Варшава.
«Ён спаліў, захапіў, аднаго князя мясцовага забіў, другога ўзяў у палон. Яшчэ больш яскравы выпадак — 1275 год, дружына Давыда Гарадзенскага на загад вялікага князя Трайдэна напала на горад Драгічын, на ўладаньні князя Льва Галіцкага. Яны акурат напалі на царкоўнае сьвята, жорстка спалілі, разрабавалі. Але, можа, самы клясычны эпізод карысьлівай атакі — гэта Сіняводзкі паход Альгерда ў 1362 годзе. Некалькі сотняў кілямэтраў, з адборнай дружынай, прайшоў у стэп цяперашняй Украіны. Разьбіў татарскіх князёў, каб захапіць пункт на вельмі важнай гандлёвай дарозе, якая вяла з Эўропы ў Фэадосію. Па гэтай дарозе перасоўваліся тавары і звонкая манэта. Гэта першая перамога над татарамі на іхнай тэрыторыі», — расказвае гісторык.
Таксама Краўцэвіч згадвае маскоўскія паходы Альгерда. У беларускай літаратуры іх прынята было расцэньваць як няўдалыя. Рабіў гэта нават Уладзімер Караткевіч. Але гісторык называе паходы Альгерда вельмі ўдалымі, бо ён ня меў на мэце зьнішчыць Маскву, а паставіць яе на месца і ўратаваць свайго саюзьніка, Цьвярское княства. І гэтага ён дамогся.
У найноўшай гісторыі агрэсіўнымі дзеяньнямі Беларусі ў 2021 годзе гісторык называе атаку межаў ЭЗ пры дапамозе мігрантаў і нагадвае, што вышэйшыя дзяржаўныя чыны Літвы, Латвіі і Польшчы назвалі яе «гібрыднай вайной».
«Вярнуўшыся з эміграцыі ў ВКЛ, Вітаўт пустошыў, паліў і рабаваў»
Сярэднявечныя войны былі бязьлітаснымі. Іх сэнс быў у тым, каб напасьці і спустошыць варожую тэрыторыю. Калі напады былі зьнянацку, то другі бок выстаўляў войска столькі, колькі пасьпяваў.
На працягу XIII стагодзьдзя войскі ВКЛ беспакарана рабавалі Польшчу, бо тая была раздробленая і не магла адказаць. Ні на адзін зь дзясяткаў паходаў яны не адказалі. Рыцары ВКЛ выводзілі здольных да працы мужчын у палон. Тых, хто супраціўляўся, забівалі. Забіралі жанчын і дзяцей.
Адзін храніст у тыя часы пісаў, што палонная полька была настолькі звыклая зьява ў Літве, што калі па Нёмане неяк плыла крыжацкая ладзьдзя з разьведчыкамі і пераапрануты ў жанчыну ліцьвінскі воін пачаў крычаць па-польску: «Вызваліце мяне зь няволі, я хрысьціянка», рыцары паверылі і прысталі да берага. І іх усіх зьнішчылі.
«І мазавецкія князі бараніліся — былі разьбітыя. І татары бараніліся — былі разьбітыя, і маскоўскі князь спрабаваў бараніцца і потым спалохаўся. Было рабаваньне, гэта была звычайная тактыка. Нават Вітаўт, калі змагаўся за ўладу ў ВКЛ, прыходзіў з атрадамі тэўтонскіх рыцараў у Беларусь і Літву, з эміграцыі з Прусіі. І таксама пустошыў, паліў і рабаваў. Гэта была тактыка тагачаснай вайны», — гаворыць Краўцэвіч.
У 1654 годзе маскоўцы напалі на Амсьціслаў, пачалася Трынаццацігадовая вайна. Горад ворагі захапілі пасьля двухтыднёвай аблогі.
«Людзі, якія ўратаваліся, расказвалі, што вымагалі грошы: каб паказалі, дзе схавалі. Падымалі зрубы, клалі туды людзей, і потым зрубы апускалі, а людзей душылі. У нас пра такія масавыя выпадкі я ня чуў. Але несумненна, калі лісоўчыкі нападалі на нейкае паселішча, то яны таксама маглі катаваць, каб ім выдалі скарб. А тое, што рабавалі і палілі — гэта звычайная рэч. Тое самае было, калі ўрываліся ў Прусію. Таму што аснова дабрабыту любой дзяржавы ва ўсе часы — сялянская праца. Калі зьнішчыць палі, вывезьці сялянаў, гэта будзе вялікі эканамічны ўрон дзяржавы».
«Падчас Грунвальдзкай бітвы сяляне сядзелі на дубах і любаваліся боем»
Ваявалі ў сярэднявечных войнах баяры, то бок прафэсійныя рыцары. Сярэднявечнае грамадзтва было падзеленае на тры саслоўі: духоўныя, каторыя моляцца, рыцары, каторыя ваююць, і сяляне, каторыя працуюць. Таму сяляне ў Сярэднявеччы не ваявалі. Праўда, былі выключныя сытуацыі, як, напрыклад, расейская акупацыя ў XVI -XVIІ стагодзьдзі. Сяляне браліся за вілы і косы і разьбівалі марадэраў.
«Падчас Грунвальдзкай бітвы біліся войскі, вырашаўся лёс Эўропы, а на дубах, якія рэдка былі раскіданыя каля поля бітвы, сядзелі сяляне і любаваліся, назіралі, як гэта адбываецца. Ваявалі рыцары, яны былі загартаванымі ў баях. Рыцар змагаўся, і за гэта яму шмат што даравалася. Іншы варыянт — гэта прынцып пагоні. Ягайла тлумачыў, што ў нас ёсьць у народзе такі звычай, што пры нападзе крыжакоў або татараў, якія схапілі палон і вяртаюцца назад, запаволеныя ў руху, кожны мужчына, які насіў зброю, меў абавязак кінуцца ў пагоню і адбіць гэты палон».
Пачынаючы з XV стагодзьдзя, фэадальнае рыцарства замяняецца ў Эўропе на наймітаў, на прафэсійнае наёмнае войска.
Як Вітаўту далі па зубах
Самым вядомым выпадкам, калі войскам ВКЛ далі адпор падчас іхнай агрэсіі, стала Бітва на Ворскле ў 1399 годзе. Вітаўт сабраў вялікае войска: князёў, палякаў, рыцараў Тэўтонскага ордэну і падуладных татараў. І пайшоў браць пад уладную залежнасьць татарскую прастору.
«Хан татарскага войска пачаў перамовы зь Вітаўтам. Вітаўт сказаў: прызнайце маю ўладу і зьмясьціце на сваёй манэце мой партрэт у знак таго, што вы мне падпарадкаваныя. Той цягнуў час, пакуль не прыйшла другая арда і ўжо колькасная перавага была на баку татараў. Вітаўта адгаворвалі атакаваць, але ён не паслухаў. І атрымаў па зубах, ледзь уратаваўся. Войска было аточанае, разьбітае, Вітаўт уцякаў як мог. Загінулі дзясяткі рыцараў, князёў».
«Лепш дамовіцца, агрэсія была ў крайнім выпадку»
Але большасьць войнаў былі ўсё ж абарончыя. Напрыклад, Старадубская вайна, абарона ад нападу Маскоўскай дзяржавы, вяртаньне захопленых земляў. Паўтара стагодзьдзя змаганьня з Тэўтонскім ордэнам і ня толькі на сваёй тэрыторыі. Войскі ВКЛ хадзілі ў Прусію, даходзілі да Мальбарка, атакавалі Інфлянты.
Ці можна пасьля ўсяго гэтага сьцьвярджаць, што беларусы мірныя людзі? Алесь Краўцэвіч лічыць, што так. Гэтаму беларусаў навучыла за сотні і тысячы гадоў жыцьцё на памежжы.
«Беларусы заўсёды жылі на памежжы суіснаваньня людзей розных этнасаў, канфэсій, культуры. І яны прызвычаіліся быць мірнымі і памяркоўнымі. Яны прывыклі дамаўляцца. А потым гэты генэтычны код сцэмэнтаваў Літоўскі статут. Таму законапаслухмянасьць — гэта наш генэтычны код. Усе жылі па адных законах, а тыя былі даволі справядлівыя. Беларусы неахвотна лезуць у бойку. Каб спакойна жыць, трэба было дамаўляцца, а не забіваць суседа, паважаць яго адметнасьць. Лепш дамовіцца, агрэсія была ў крайнім выпадку», — кажа гісторык Алесь Краўцэвіч.