Беларускае аб’яднаньне працоўных раней заявіла пра перадстрайкавы стан у эканоміцы. І каб гэта ўрэшце ня скончылася поўным паралічом, Сяргей Дылеўскі агучыў варыянт нівэляваньня непажаданых наступстваў.
«Я выдатна разумею, што за сабой можа пацягнуць страйк. І чым даўжэй такі стан будзе працягвацца, тым горш для краіны, для эканомікі. Таму прапануем перамовы — не Лукашэнку, а яго непасрэднаму атачэньню. Там не дурныя людзі. Мы гатовыя сесьці за стол і дамовіцца аб новых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах, аб перадачы ўлады, аб вырашэньні палітычнага і эканамічнага крызісу. Толькі так, у цывілізаваным ключы, можна пазбегнуць страйку. Калі ўлады на гэта ня пойдуць, страйк — гэта крайняя мера, і мы павінны будзем яго пачаць»,— сказаў Сяргей Дылеўскі на YouTube-канале палітоляга Дзьмітрыя Балкунца.
Гэтаксама ён удакладніў патрабаваньні, агучаныя рабочымі да ўладаў Беларусі.
- Вызваленьне палітычных вязьняў.
- Свабода для незалежных мэдыя.
- Урэгуляваньне годных заробкаў і пэнсій.
- Пачатак перамоваў дзеля выхаду з крызісу.
«У наш адрас ужо пасыпалася нямала абураных камэнтароў: маўляў, якія могуць перамовы са злачынцам? Толькі суд Лінча, толькі Гаага. Аднак мы бачым у перамовах найперш выхад з амаль тупіковай сытуацыі, якая цяпер склалася ў краіне», — патлумачыў сваю пазыцыю лідэр Беларускага аб’яднаньня працоўных Сяргей Дылеўскі.